Наш зямляк, ураджэнец Оршы, вядомы мастак Мікола Купава звярнуўся да грамадскасці з адкрытым лістом » Аршанскі кляштар Базылянаў, асьвечаны з сьвятыняй Апекі Маці Божай у 1774 г. (Да праблемаў рэстаўрацыі і рамонту)»
Ен піша пра тое, што гаспадары вядомага аршанскага помніка архітэктуры, які ўжо 10 год стаіць без даху і разбураецца, абсалютна абыякавыя да стану будынка. Рэстаўрацыя, распачаць якую абяцалі яшчэ ў красавіку, так і не пачалася.
Між тым, лічыць Мікола Купава, важна не толькі распачаць рэстаўрацыю, але й каб адноўлены вобраз кляштара быў такім, якім яго стварылі праектанты і будаўнікі ў сярэдзіне XVIII ст. Мастак мае на ўвазе тое, што нярэдка самабытнасць беларускай архітэктуры бывае страчаная, калі рэстаўруюцца культавыя будынкі. Асабліва часта гэтак здараецца, калі іх аднаўляюць не ў першапачатковым абліччы, а ў пазнейшым – ужо пасля перабудовы, калі ў 19 стагоддзі «патрабавалася мяняць аблічча помнікаў, прыстасоўваючы іх да расейскай вобразнай сістэмы. Таму ў нас помнікаў архітэктуры гэтых стыляў засталіся лічаныя, якім, можна сказаць, пашанцавала. Астатнія помнікі перабудоўваліся на расейскі капыл. Гэткі лёс не абыйшоў міма і Аршанскі Базылянсккі кляштар і сьвятыню. Яны неаднаразова перабудоўваліся і спрашчаліся».
Мікола Купава адзначае, што «такая работа вялася па ўсім ВКЛ. У ХІХ, ХХ стст. Былі перабудаваныя ўсе ня толькі каталіцкія, уніяцкія храмы і кляштары, але і праваслаўныя. Яны набывалі аблічча і падабенства з расейскай праваслаўнай архітэктурай».
«Нашы помнікі архітэктуры выглядалі імпазантна, узвышана, урачыста і велічна. У іх быў вельмі высокі дах, які і ствараў веліч помніка, яго шыкоўны выгляд», — піша Мікола Купава. Прыкладам удалай рэстаўрацыі ён лічыць «будынак менскага Базылянскага кляштара, які адноўлены ў 90-х гадах ХХ ст.», і мяркуе, што «гэтая праца для аршанскіх рэстаўратараў з’яўляецца прыкладам».
Мастак акцэнтуе ўвагу на тым, што архітэктурнага комплексу кляштара Базыльянаў нашы сучаснікі-аршанцы ніколі не бачылі: ен знік пасля перабудовы ужо ў сярэдзіне ХІХ ст. Таму «наша задача аднавіць яго паводле ўсіх правілаў рэстаўрацыі», — завяршае адкрыты ліст Мікола Купава.