Аршанцы хочуць ведаць праўду пра лёс будынка кляштара базыльянаў

Новости общества
0
(0)

Адпраўлены калектыўны ліст да Архіяпіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя, падрыхтаваны мясцовымі краязнаўцамі, занепакоенымі станам помніка архітэктуры. Ужо 10 гадоў будынак стаіць без даху, і аршанцы вымушаныя назіраць, як на іхных вачох разбураецца гістарычная каштоўнасць, перададзеная мясцовымі ўладамі Віцебскай епархіі.

Даўно абяцаны рэстаўрацыйныя працы так і не распачаліся, часовы дах не зроблены, хаця наперадзе зіма, а прыродныя ападкі штогод спрыяюць разбурэнню пломніка архітэктуры. Тым часам, побач з помнікам, дзе раней ужо была пабудаваная драўляная царква, пачалося новае будаўніцтва. Паводле знешніх прыкметаў, новы аб’ект нагадвае тыповы зборна-шчытавы дом з дошак і брусу. Паводле тлумачэнняў адказнай за ўтрыманне помніка архітэктуры манахіні Даніілы, гэта будзе «склад для будматэрыялаў». Яна ж каля года таму заяўляла журналістам, што рэстаўрацыя распачнецца ў красавіку гэтага году.

Каб даведацца пра стаўленне да гэтай праблемы ўласніка будынка – Віцебскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, аршанскія краязнаўцы і склалі ліст да Архіяпіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя, а неабыякавыя гараджане падпісалі яго.

  Архіепіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю  

Высокапраасвяшчэннейшы Ўладыка Дзімітрый!

Нам, жыхарам і ўраджэнцам Воршы, не ўпершыню даводзіцца займацца выратаваннем помнікаў гісторыі і культуры, сярод нас ёсць і краязнаўцы, і журналісты, і былыя супрацоўнікі гарадскіх музеяў.

Многія з нас пачыналі гэтую дзейнасць яшчэ падчас перабудовы, калі краінаю кіравала палітычная сіла, што ставіла сабе за мэту змаганне з рэлігіяй і знішчэнне любых напамінаў пра яе.

Нам прыходзілася адстойваць тыя рэшткі культавай архітэктуры, якія перажылі вайну і страшныя для аршанскай архітэктурнай спадчыны 60-ыя гады. Тады ў грамадстве зусім не была пашыраная ідэя каштоўнасці кожнага храма. Наадварот, на цэрквы, касцёлы і сінагогі глядзелі як на “перажытак” і “старызну”, якія, маўляў, “толькі псуюць выгляд нашых савецкіх гарадоў”.

Тады мы не маглі абаперціся на падтрымку царквы. Голас царквы ў грамадскіх спрэчках на гэтую тэму тады не гучаў. Тым не меней, мы адчувалі негалосную падтрымку з боку і святарства, і вернікаў.

Цяпер жа часы памяняліся. Многія храмы павяртаныя царкве, а некаторыя з тых, што былі знішчаны, адноўлены ці аднаўляюцца. Вядзецца актыўнае будаўніцтва новых храмаў.

І як жа прыкра, што цяпер нам даводзіцца звяртацца ўжо да Вас, кіраўніка адной з епархіяў Беларускай праваслаўнай царквы, каб не дапусціць разбурэння святыні.

Гаворка ідзе пра помнік архітэктуры XVIIIстагоддзя, былы жылы будынак Аршанскага базылянскага кляштара, дзе пазней размяшчаўся Свята-Пакроўскі праваслаўны мужчынскі манастыр і Аршанскае духоўнае вучылішча.

Вас, магчыма, знаёмілі ўжо раней з гэтай праблемай: у кастрычніку 2013 года мы атрымалі адказ на наш ліст да Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, з якога вынікала, што наш ліст быў накіраваны Вам. На жаль, тады мы так і не дачакаліся ад Вас адказу. Але самае прыкрае, што мы не дачакаліся і дзеянняў.

Як паказвае вопыт, людзі часцей успрымаюць ня словы, якія чуюць, а ўчынкі, плён якіх бачаць. Колькі б узнёслых і добрых словаў не гаварылася з амбонаў цэркваў, людзі будуць складаць сваё меркаванне і пра Вашую царкву, і пра яе ролю ў грамадстве, і пра вартасць тых духоўных каштоўнасцяў, шанаваць якія заклікаюць падначаленыя Вам святары, паводле іхных учынкаў.

Нельга дэкляраваць прыярытэт нематэрыяльных каштоўнасцяў, і зводзіць значэнне гэтага канкрэтнага будынка да простага матэрыяльнага аб’екта, да прадмета матэрыяльнай уласнасці, да звычайнай нерухомасці, якую можна дазволіць сабе трымаць у паўразбураным стане.

Як Вам, напэўна, добра вядома, гэты будынак мае надзвычай багатую гісторыю ў якасці цэнтра духоўнай асветы. З Аршанскім духоўным вучылішчам звязаныя жыццё і дзейнасць вядомага беларускага этнографа, фалькларыста, лексікографа Івана Насовіча. Вучылішча падрыхтавала многіх працаўнікоў царквы, яго выпускнікамі былі вядомыя царкоўныя дзеячы, у прыватнасці, старац Міхаіл (Едлинский), а таксама выбітныя беларускія літаратары, Міхась Зарэцкі і Васіль Шашалевіч.

Урэшце, гэты будынак з’яўляецца адным з нямногіх помнікаў архітэктуры стылю “віленскага барока” і занесены ў спіс помнікаў архітэктуры і гісторыі рэспубліканскага значэння.

Цяперашні паўразбураны стан гэтага будынка, такім чынам, падрывае тыя асновы, на якіх трымаецца Вашая царква, фактычна абвяргае тое, пра што гаворыцца з амбонаў, штодня пярэчыць факту існавання праваслаўнай царквы як аб’яднання людзей на аснове прыярытэту духоўных каштоўнасцяў.

Гэты будынак – прадмет мастацтва і памяць пра нашу гісторыю. Ён ёсць фактычна напамінам пра лепшыя якасці і здольнасці нашых продкаў. Нарэшце, гэты будынак – пасланнік вечнасці, які сваім існаваннем сцвярджае вечныя каштоўнасці.

Ён не можа належыць аднаму чалавеку ці групе людзей, як мог бы належыць любы іншы будынак ці матэрыяльны аб’ект. Гэты будынак – агульнацыянальная каштоўнасць. Фактычна ён належыць усёй беларускай нацыі, усім яе прадстаўнікам, якія жывуць у Беларусі цяпер, жылі да нас, і будуць жыць пасля нас.

Валоданне такім будынкам – гэта грамадская місія, якая накладае на ўладальніка дужа сур’ёзныя абавязкі.

Хіба Вы не разумееце, што дэманстратыўным ігнараваннем гэтых абавязкаў царква проціпастаўляе сябе беларускай культуры, усім тым, у каго сэрца баліць за помнікі архітэктуры, сярод якіх ці не найбольшую частку складаюць святыні, і ў тым ліку праваслаўныя?

У сваю чаргу мы не разумеем, чаму па ўсім горадзе растаўленыя скарбонкі, сродкі збіраюцца таксама падчас публічных мерапрыемстваў, арганізаваных праваслаўнай царквой, але гэтыя сродкі накіроўваюцца на будаўніцтва новых храмаў, у той час калі перададзеныя вашай царкве помнікі архітэктуры дзесяцігоддзямі не рамантуюцца і пакрысе разбураюцца. Даруйце, але мы не разумеем, як можна ў такіх умовах абвяшчаць аб намеры пабудаваць у абласным цэнтры яшчэ адзін Сафійскі сабор, які напэўна запатрабуе надзвычайных фінансавых укладанняў.

У той жа час сам выгляд хрысціянскай святыні ў непрывабным, паўразбураным выглядзе, на фоне шматлікіх храмавых новабудоўляў, нехаванага дабрабыту святароў і шматлікіх ўпрыгожанняў інтэр’еру дзейных цэркваў не самым лепшым чынам удзейнічаюць на імідж праваслаўнай царквы ў беларускім грамадстве.

Як можна меркаваць, падобныя паводзіны асобных прадстаўнікоў царквы вельмі адмоўна ўплываюць на рэпутацыю ў грамадстве ўсяе царквы. Нельга выключаць, што менавіта гэта адбіваецца на тых тэмпах, з якімі нарошчваюць колькасць зарэгістраваных грамадаў розныя адгалінаванні хрысціянства ў краіне. Так, напрыклад, паводле некаторых навуковых даследванняў у гэтай галіне, колькасць грамадаў царквы “Адвентысты сёмага дня” павялічылася з 1988 года да 2012 года болей як у 6 разоў (з 11 ў 1988 годзе да 73 у 2012 г.); “Хрысціяне веры евангельскай” – у 13 разоў (з 39 да 512); “Новаапостальская царква” – у 21 раз (з поўнай адсутнасці ў 1988 годзе да 21 грамады ў 2012 годзе); “Сведкаў Іеговы” – у 27 разоў (з нуля); “Хрысціяне поўнага Евангелля” – у 55 разоў (з нуля) (Шерис А. Конфессиональная структура РБ и её трансформация. “Вестник БГЭУ” № 4, 2012). Паводле звестак у гэтым жа даследванні, колькасць праваслаўных грамадаў за той жа час вырасла толькі ў тры разы.

Пры гэтым трэба адзначыць, што такім чынам у грамадскай свядомасці разбураецца павага не толькі да царквы праваслаўнай, але і хрысціянства ўвогуле, паколькі ў выніку відавочнага дамінавання праваслаўя ў нашым грамадстве менавіта праз яго моладзь упершыню знаёміцца з хрысціянскімі светапоглядам і культам, а ў свядомасці шырокай масы неабазнаных грамадзян праваслаўе часам выступае ў якасці ці не адзінай вядомай ім хрысціянскай канфесіі (так што ў пабытовых гаворках многія нават блытаюць паняцці “праваслаўныя” і “хрысціяне”).

Такім чынам, настолькі відавочна заганныя паводзіны прадстаўнікоў адной з хрысціянскіх канфесіяў могуць спрыяць пашырэнню папулярнасці ў грамадстве, і асабліва сярод пазбаўленай жыццёвага вопыту і адарванай ад сваіх каранёў моладзі, экзатычных рэлігіяў, таталітарных сектаў і дэструктыўных культаў, кшталту сатанізму ці акультызму.

Паводле афіцыйных звестак, у краіне ўжо дзейнічаюць каля 400 арганізацый і рухаў, якія адносяцца да рознага кшталту нетрадыцыйных сектаў і культаў.

Аглядаючы гісторыю нашае працяглае перапіскі з рознымі пасадовымі асобамі і ўстановамі, мы можам з упэўненасцю сцвярджаць, што мы напісалі ўва ўсе магчымыя інстанцыі і ўстановы, і нават на некалькі адрасоў, якія належаць цяперашнім гаспадарам будынка.

У выніку гэтае перапіскі ў нас складаецца ўражанне, што з намі гуляюць у своеасаблівы варыянт “бюракратычнага футбола” – усе датычныя і адказныя асобы і ўстановы штораз спрабуць перанакіраваць нас да кагосці яшчэ, і ніхто з іх не хоча аніякім чынам паспрыяць вырашэнню праблемы.

Нават стварэнне дабрачыннага рахунка скончылася непаразуменнем – пры агучаных раней немалых сабраных на ім сродках страчаны яшчэ адзін будаўнічы сезон, на працягу якога можна было хаця б накрыць будынак часовым дахам. Між тым, у лісце, падпісаным «адказнымі за адраджэнне Свята-Пакроўскага манастыра ў Оршы» ігуменняй Анфісай (Любчак) і манахіняй Даніілай (Цяцьковай), было чорным па беламу напісана, што працы будуць распачатыя ў красавіку.

Пакуль яшчэ ёсць час для выпраўлення ненармальнай сітуацыі, якая склалася ў Воршы, мы просім Вас звярнуць сваю ўвагу на гэтую праблему, і зканцэнтраваць усе рэсурсы Вашае епархіі дзеля справы ўратавання і давядзення да належнага стану гэтага і іншых гістарычных помнікаў, якія ёй належаць у Воршы.

 

Нажмите на звезду, чтобы оценить материал!

Средняя оценка 0 / 5. Количество оценок: 0

Оценок пока нет. Поставьте оценку первым.

Так как вы нашли эту публикацию полезной...

Поделитесь статьей в соцсетях!

Добавить комментарий