Джэрэмі Падольскі зацікавіўся апісаннямі старых манастыроў у Оршы, бо ягоны дзядуля згадваў падобны будынак у сваіх мемуарах. Паводле гэтых звестак, у 1939-1945 гг. Манастырскі будынак выарыстоўвалі ў якасці турмы.
У лісце да краязнаўцы Віктара Сцяпанава ўнук былога зняволенага піша, што ягоны дзядуля быў у ліку “палонных палякаў”. Джэрэмі Падольскі просіць знаўцаў распавесці пра тое, дзе было месца зняволення ягонага дзядулі, ці праводзіліся там нейкія археалагічныя даследванні, і што сталася з гэтым будынкам цяпер.
Паводле апісанняў былога вязня, дарога да манастырскага будынка—тагачаснай турмы—праходзіла па мосце цераз вузкую рэчку з валунамі на дне. Потым быў даволі круты пад’ём уверх па няроўнай дарозе, засыпанай склізкім снегам да брамы мураванага будынка. Вязняў запусцілі ўнутр праз вузкія дзверы, загадалі стаць каля сцяны і маўчаць…
Дзядуля Джэрэмі быў у зняволенні ў Оршы ў 1939-40 гадах. Ен памятае таксама, што вязні ехалі на цягніку, які быў спынены за 200 метраў ад горада.
Краязнаўца В.Сцяпанаў размаўляў з археолагам Ігарам Цішкіным, які займаўся даследваннямі некаторых аршанскіх манастыроў, і той паведаміў, што ў Куцеінскім манастыры знаходзіў нямецкія спражкі з надпісам » Gott Mit Uns”. Але яшчэ прынамсі два манастырскія будынкі падыходзяць пад апісанне былога вязня турмы “для контррэвалюцыянераў і сабатажнікаў”, як цытуе дзядулю Джэрэмі Падольскі. Гэта былы кляштар езуітаў, які выкарыстоўваўся ў якасці вязніцы з сярэдзіны 19 стагоддзя да 1990гг, і былы кляштар трынітарыяў, што быў транзітнай турмой у часы сталінскіх рэпрэсій.
На думку Віктара Сцяпанава, дапамагчы ў высвятленні месца зняволення былога вязня могуць як адмыслоўцы, так і простыя жыхары горада. Таму ён просіць адгукнуцца чытачоў www.orshatut.by , якім нешта вядома пра гістарычныя будынкі, што выкарыстоўваліся ў час Другой Сусветнай вайны ў якасці турмаў, у тым ліку для замежных грамадзян, падазраваных у контррэвалюцыйнай дзейнасці.