Капітан пакінуў свой карабель

Новости общества
0
(0)

Пачатак верасня – гэта час правядзення самага забароненага і самага падпольнага фестываля Беларусі “Аршанская бітва”.

У далёкім 1991 годзе беларускі бард Андрэй Мельнікаў, які тады жыў ў Воршы, задумаў незвычайны фестываль. Ідэя была такая: запачаткаваць традыцыю беларускім выканаўцам аўтарскай песні збірацца ў вусці рэчкі Крапіўны ў пачатку верасня – там і тады, калі адбылася ў 1514 годзе Аршанская бітва. За 25 гадоў сваёй гісторыі “Аршанская бітва” перажыла і ўзлёты, і падзенні, ператварыўшыся ў буйную адкрытую пляцоўку для бардаў і маладых беларускіх паэтаў. Апошнія 9 гадоў з-за ціску сілавікоў аўдыторыя фестываля зменшылася з 2-3 сотняў да 1-2 дзясяткаў чалавек, стаўшы амаль што падпольным фестывалем. Але нязменным было адно – выступленне аўтара ідэі Андрэя Мельнікава. І вось сёлета ўпершыню на “Аршанскай бітве”-’16 Мельнікава, які ўсюды называе сябе бацькам фэсту, не было. Ён выбраў нейкую іншую пляцоўку, здаецца, недзе ў Лідзе. Напэўна там плацілі грошы. Напэўна там было лепш, чым недзе вечарам ў лесе паміж Оршай і Дуброўнай. Калі капітан пакідае тонучы карабель, то яго каманда дзейнічае ўжо па-свойму. Месца капітана фестываля на сённяшні дзень свабоднае.

А што ж “Аршанская бітва”? Яна прайшла без нашых бардаў. За адсутнасцю капітана карабель вёў каардынатар фэсту аршанскі гісторык-даследчык Юрка Копцік, які паказаў напісаную ім адмыслова для фестываля песню “Крапівенскае поле”. А што ж нашы барды? Нават не авалодаўшы яшчэ ў дастатковай ступені ні словам, ні голасам, ні гітарай нашы выканаўцы аўтарскай песні тым не менш ужо навучыліся ставіць умовы: аплаціце мне праезд плюс ганарар за выступ – хто 50, а хто і 100 у.а. “Рэйтынгавае” старэйшае пакаленне наогул падобна на тое, што “спісалася”. Як той жа Бартосік, Шалкевіч. Напэўна да гэтай кагорты цяпер можна далучыць і Мельнікава. Што ж, ім цяпер застаецца толькі шукаць платныя імпрэзы. А вечарам у лесе ля Крапіўны  сабраліся маладыя і не надта маладыя людзі з Оршы, Магілева, Віцебска. Крапівенскае поле па-ранейшаму прываблівае да сябе тых, хто ведае, што гэта за месца і што яно азначае для нас. Чыталі вершы, слухалі беларускую музыку ды й проста гаварылі пра надзённае і цікавае ўсім. Падымалі чарку з традыцыйным для гэтага месца тостам – за перамогу. Ды спадзяваліся на лепшы час для Беларусі.

bitva-1 bitva-2 bitva-3

А. РШАНСКІ

Нажмите на звезду, чтобы оценить материал!

Средняя оценка 0 / 5. Количество оценок: 0

Оценок пока нет. Поставьте оценку первым.

Так как вы нашли эту публикацию полезной...

Поделитесь статьей в соцсетях!

Добавить комментарий