Памінальныя імпрэзы прайшлі ў Віцебску, Полацку, Оршы. У памяць пра сотні і тысячы ахвяраў сталінізму былі запалены свечкі.
Віцебскія актывісты наведалі самаробны мемарыял каля вёскі Паляі. Нягледзячы на тое, што старэйшыя мясцовыя жыхары яшчэ памятаюць пра сталінскія расстрэлы, гэтае месца афіцыйна не лічыцца мемарыяльным. Аднак неабыякавыя людзі шануюць памяць загінулых: на ўзлеску стаяць 7 крыжоў, усталяваных у розныя часы, пачынаючы з 1990-х гадоў, на самым вялікім з іх зроблены надпіс «Ахвярам таталітарнага рэжыму». З таго часу некалькі крыжоў было знішчана, але на іх месцы з’яўляліся новыя.
Пад Полацкам таксама ёсць жалобнае месца, дзе ў часы сталінскіх рэпрэсій адбываліся расстрэлы мірных жыхароў. 1 лістапада вернікі уніяцкай царквы святога Язафата ў Полацку сабраліся на супольную малітву на Бельчыцкіх могілках. На могілках знаходзіцца Крыж пакуты ў памяць беларусаў, рэпрэсаваных савецкім рэжымам.
Урочышча Кабыляцкая гара пад Оршай – гэта афіцыйна прызнанае месца загубы мірных жыхароў, другое пасля мінскіх Курапатаў. У пачатку 1990-х гадоў падчас будаўніцтва чыгункі тут знайшлі чалавечыя парэшткі, і экспэртыза прызнала, што ў гэтых мясцінах праводзіліся масавыя расстрэлы. У памяць пра гэтую трагедыю 30 гадоў таму тут быў усталяваны помнік — камень з мемарыяльнай шыльдай. Шыльду некалькі разоў кралі невядомыя вандалы, і афіцыйны помнік спакваля таксама ператварыўся ў самаробны мемарыял: пра трагічныя падзеі тут нагадвае камень-валун, два даўляныя крыжы — каталіцкі і праваслаўны, і некалькі мемарыльных шыльдаў, усталяваных з чыёйсьці прыватнай ініцыятывы. На шыльдах – імёны расстраляных. Але дакладна невядома, дзе ў гэтым лесе чыя магіла: урочышча Кабыляцкая гара — гэта суцэльнае масавае пахаваньне ахвяраў сталінізму.Штогод на Дзяды мясцовыя актывісты робяць прыборку вакол самаробнага мемарыяла, праводзяць жалобныя мерапрыемствы. На іх збіраюцца і тыя, чыіх сваякоў расстралялі ў гэтым урочышчы — дзеляцца ўспамінамі, прыносяць кветкі.