27 снежня старшынём Віцебскага аблвыканкама прызначаны ўраджэнец Аршаншчыны Мікалай Шарснёў . Былы губэрнатар, таксама наш зямляк з Аршанскага раёну Аляксандр Косінец стаў кіраўніком адміністрацыі Прэзідэнта.
Мікалай Шарснёў нарадзіўся ў вёсцы Барздоўка Аршанскага раёна, скончыў зоаінжынэрны факультэт Віцебскага ветэрынарнага інстытуту і вярнуўся працаваць на радзіму. Кар’еру пачаў у калгасе імя Куйбышава, дзе працаваў і ягоны бацька, Герой сацыялістычнай працы Мікалай Яфрэмавіч Шарснёў.
Ён тут жа паказаў сябе з лепшага боку, і неўзабаве яму даверылі кіраваць калгасам «Сцяг Перамогі» ў вёсцы Стайкі. Пра тыя часы згадвае былая журналістка «Аршанскай газэты» Вольга Шутава:
«Як я памятаю, ён у Барздоўцы апынуўся па размеркаванні, працаваў заатэхнікам. І адразу паказаў сябе моцна: жывёлагадоўлю наперад павёў, там комплекс быў, дык і каровы пры ім сталі як каровы… А потым яго паставілі ў Стайкі. Да яго тыя Стайкі вечна кляймілі ў райвыканкаме за неўраджаі! І ранейшы старшыня апраўдваўся: што вы хочаце, у мяне ж глебы няякасныя, адны камяні, дык што я вам дам, які ўраджай… Потым туды прыйшоў Шарснёў, ён камяні сабраў з палёў, гады за два ці тры, хоць яны зь зямлі ўсё лезьлі там і лезлі… Гаспадарка была невялікая па плошчы, глебы неўрадлівыя… Але ён направіў усю працу. Абнавіў усю тэхніку. А потым – мужыкі ж там усе пілі на вёсцы – ён першы стаў іх лячыць ад алкагалізму за кошт гаспадаркі. Ён быў першы ў раёне, хто гэта зрабіў. Хто сам лячыцца не хацеў – таго змушаў сілай, а хто і сілай не згаджаўся – тыя проста паўцякалі. Шарснёў усіх сваіх работнікаў так «прасеяў», што засталіся выключна працаздольныя. Пазней гэта ўжо стала модна – змагацца з алкагалізацыяй, а ён быў першым… Гаспадарка ў яго квітнела, але і работнікі былі «ў кулаку».
Менавіта такім, упартым і мэтанакіраваным, журналістка запомніла Мікалая Шарсьнёва падчас візітаў у ягоную гаспадарку:
«Я заўсёды яго выдзяляла з усіх іншых кіраўнікоў гаспадарак. Ён быў, можа, і жорсткі кіраўнік. З моцным характарам. Але як толькі ў Стайках у яго ўсё наладзілася і ўраджайнасьць пачала расьці, як прыйшоў новы кіраўнік Аршанскага райвыканкаму Адашкевіч. Ён прыйшоў са сваёй камандай, адразу аб’езьдзіў гаспадаркі, паглядзеў, якая моцная. І не толькі ацаніў, што ў Шарснёва гаспадарка моцная, але ацаніў і ягоны характар. «Сталёвы характар», як я яго для сябе вызначыла. І, мусіць, вырашыў, што такі чалавек будзе яму замінаць. І адразу «вымеў» яго з раёну – той неяк хутка звольніўся і з»ехаў з Аршаншчыны».
З 1999 па 2002 год Мікалай Шарснёў працаваў на Міншчыне, потым – у Расіі, у беларускай камерцыйнай структуры. З 2012 году ўзначальваў прадпрыемства «1-я Мінская птушкафабрыка». А ў верасні 2014 году стаў галоўным інспэктарам па Віцебскай вобласці – замест адпраўленага ў адстаўку Мікалая Дамашкевіча. Праз колькі месяцаў – новае прызначэнне.
«Калі чалавек не змяніўся, якім я яго памятаю, дык мне здаецца, што Віцебскай вобласці пашанцавала на кіраўніка. З ягоным характарам, з ягонай настойлівасцю, у яго «жылка» такая гаспадарская ёсць…Як пра кіраўніка, у мяне пра яго добрыя ўспаміны. Калі толькі жыццё яго не «пабіла». І сем’янін ён быў добры, з павагай ставіўся да жонкі, клапаціўся пра дзяцей – у іх дачка і сын. Ён імкнуўся, каб яны атрымалі добрую адукацыю. Ён заўсёды ведаў, чаго хоча», — кажа Вольга Шутава.
Старэйшыя жыхары памятаюць бацьку новага губернатара, Мікалая Яфрэмавіча Шарснёва, які працаваў механізатарам і быў Героем Сацыялістычнай Працы. Кажуць, што прынцыповы і моцны характар дастаўся Шарснёву-малодшаму ў спадчыну: бацька не бянтэжыўся выступаць з крытыкай на самым высокім ўзроўні яшчэ за савецкім часам…
Такім чынам, адзін ўраджэнец Аршаншчыны змяніў другога на пасадзе старшыні аблвыканкаму: былы губернатар Аляксандр Косінец таксама нарадзіўся ў Аршанскім раёне ш вёсцы Росскі Сялец.
За час кіраўніцтва Аляксандра Косінца – з 2008 году – у Оршы не адбылося вялікіх пераменаў. Хіба толькі з’явіўся лядовы палац – адзін з сямі, абяцаных некалі губернатарам. І тое – з’явіўся ён на два гады пазней запланаванага. Якія змены прычакаюць вобласць пры новым кіраўніку – пакажа час.


