Вячаслаў Салдаценка з тых, на каго сёння робяць стаўку як спецыялісты, так і аматары беларускага гандбола. Ён стаў адным з «аўтараў» паспяховага выступлення нашай «маладзёжкі» на чэмпіянаце свету ў Бразіліі, нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце Еўропы ў Польшчы і мінскага СКА ў Кубку ЕГФ. На сёлетнім кантынентальным першынстве беларускага варатара называлі адкрыццём турніру, у рэйтынгу сярод калег па амплуа Вячаслаў на працягу ўсяго чэмпіянату займаў лідзіруючыя пазіцыі. Сезон яшчэ не завершаны, але, мабыць, гэты год ужо можна назваць паспяховым для маладога варатара, піша «Звязда».
Сёння разам з Вячаславам мы гутарым пра тое, як ён прыйшоў у спорт, чаму вучыўся ў Сувораўскім вучылішчы і якімі якасцямі неабходна валодаць для таго, каб стаць паспяховым галкіперам.
— Слава, ваша спартыўная будучыня была наканавана?
— Не, ніхто ў сям’і не мае дачынення да прафесійнага спорту. У мяне, напэўна, як і ў многіх дзяцей, проста было занадта шмат энергіі, таму бацькі вырашылі аддаць у спартыўную секцыю. Адвялі мяне ў гандбол, мне там спадабалася, так і пайшло далей.
— Ці засталіся яркія ўспаміны з таго часу?
— Не сказаць, што я вельмі добра памятаю сваё дзяцінства, але нешта засталося. Я жыў у Оршы, бліжэй да ўскраіны горада, таму там мы знаходзілі сабе шмат прыгод: палілі вогнішчы, лазілі па будоўлях — гэта было весела.
— Што можаце сказаць пра свой родны горад?
— Склаўся дзіўны стэрэатып, нібыта Орша — крымінальная сталіца Беларусі. Вядома, у любым горадзе бываюць розныя выпадкі, але не думаю, што ўсё так страшна. У апошні час я не часта там бываю, але, колькі жыў, з такім не сутыкаўся. Гэта прыгожы горад, асабліва прывабным стаў пасля правядзення «Дажынак». Ёсць дзе пагуляць, ёсць буйныя прадпрыемствы, такія як ільнокамбінат, «Чырвоны барацьбіт».
— У вашай біяграфіі лічыцца вучоба ў Сувораўскім вучылішчы.
— Так, маё паступленне туды звязана з гандболам. У той час якраз набіралі спартыўны клас, хлопцы праходзілі спецыяльныя зборы, потым псіхалагічны тэст, па выніках адабралі 17-18 чалавек, сярод якіх быў і я.
Жыццё ў вучылішчы, вядома, кардынальна адрознівалася ад жыцця звычайнага школьніка. Калі раней ты ішоў у школу, а вось даходзіў да яе ці не — гэта ўжо як атрымаецца, то тут прагуляць магчымасці не было. Прачнуліся, сняданак, трэніроўка, потым урокі, зноў трэніроўка, гадзіна на тое, каб зрабіць дамашняе заданне, і спаць. Часу вольнага не было, мне гэта зусім не падабалася. Строем хадзіць на сняданкі, абеды і вячэры дзіцяці ў 12-13 гадоў вельмі складана. Потым прывык, вядома. Прайшлі гады, і калі азірнуцца, асэнсаваць, то я не шкадую, што правёў час у Сувораўскім, бо гэта вызначыла нейкія якасці характару. Калі знаходзішся ў мужчынскім калектыве, то хутчэй пачынаеш сталець, ведаеш, што такое адказнасць, умееш адказваць за свае словы, выконваць абяцанні.
— Сваю адукацыю вы працягнулі не ў спартыўным ВНУ. Чаму?
— Пасля заканчэння кар’еры спартсмена я не бачу сябе ў ролі трэнера, гэта наогул не мая стыхія. Занадта шмат спорту не павінна быць у жыцці, таму цяпер я вучуся ў БНТУ па спецыяльнасці транспартная лагістыка. На гэты момант, можа быць, не атрымліваецца на 100% паглыбіцца ў яе, але мне здаецца, гэта цікава.
— Ведаю, што любіце чытаць.
— Так, любоў да літаратуры ў мяне з самага дзяцінства. Яе прывіў знаёмы, які даў пару кніжак. Першай прачытанай стала «Дзявятая крэпасць» Эдуарда Катласа, якая і цяпер з’яўляецца для мяне самай любімай. Гэтая кніга пакінула, мабыць, самае яркае ўражанне. Зараз чакаю працягу кнігі Віталя Зыкава «Великие спящие», прачытаў ужо 5 частак, цяпер аўтар працуе над 6-й.
— Журналісты і балельшчыкі часта кажуць пра тое, што варатарская пазіцыя ў беларускім гандболе заўсёды была найбольш слабой…
— Вы ж ведаеце, не ўсё праўда, што кажуць. Лічу, што такое меркаванне прыцягнута за вушы, у нас дастаткова добрых варатароў: Ваня Мацкевіч, Аляксей Кішоў, Віталь Чарапенька.
— У адным з інтэрв’ю вы сказалі, што сталі галкіперам таму, што ленаваліся бегаць.
— Так, гэта праўда! Да таго ж у мяне не надта атрымлівалася гульня ў полі, былі праблемы з выбарам пазіцыі, ды і не сказаць, што мне было цікава. Калі стаў у вароты, пачало атрымлівацца, а гэта заўсёды надае сіл і жадання гуляць.
— Як ставіцеся да думкі, што добрым варатаром трэба нарадзіцца?
— Вядома, неабходна валодаць пэўнымі прыроджанымі якасцямі, напрыклад спрытнасцю, пластычнасцю, добрай рэакцыяй, але гэта далёка не ўсё. Важную ролю адыгрывае ў нашай працы псіхіка, яна павінна быць устойлівай. І гэтая набытая якасць прыходзіць з вопытам. Што важна яшчэ ў гульні? Цярпенне, канцэнтрацыя, правільны выбар пазіцыі — гэта прыходзіць з колькасцю напружаных гульняў.
— Кажуць, варатары — асаблівыя людзі…
— Кожны чалавек асаблівы. Бывае, што варатары трохі дзіўныя, але і іншыя гульцы такія сустракаюцца, таму тут усіх у адну кучу не варта. Я пра сябе такога не сказаў бы.
— Ці праўда, што на галкіперы ляжыць больш адказнасці, чым на любым палявым гульцы?
— Можа быць. Калі памыляецца гулец, то за яго спінай яшчэ ёсць я, а калі памыляюся я — гэта гол. Аднак сухіх матчаў у гандболе не бывае, таму не варта перажываць з-за кожнага прапушчанага мяча, трэба проста працаваць.
Ціск, хваляванне, вядома, прысутнічаюць перад адказнымі гульнямі, вучуся з імі спраўляцца, і гэта прыходзіць з напружанымі матчамі, калі гульня ідзе мяч у мяч. Скокну пару разоў, разганю кроў — і гуляць.
— На чэмпіянаце Еўропы ў Польшчы вы выходзілі супраць славутых сапернікаў, можа нават супраць сваіх куміраў…
— Наогул не думаю пра тое, хто выходзіць гуляць супраць мяне; пакуль будзеш разважаць на гэтую тэму, ужо накідаюць поўныя вароты.
— Такое паняцце, як кураж, сапраўды прысутнічае ў варатарскай справе?
— Ёсць такое! Мне здаецца, гэта выпадковасць, адкуль ён бярэцца — невядома, інакш лавіў бы яго кожную гульню (смяецца).
— Падчас матча можна назіраць, як эмацыйна вы выказваеце заўвагі сваім сябрам па камандзе.
— Я і на трэніроўках часта магу пакрычаць на іх, але ўсе разумеюць, што гэта эмоцыі, ніхто асабліва ўвагі не звяртае, да боек звычайна не даходзіць.
— Як ставіцеся да крытыкі і пахвалы ў свой адрас?
— Згуляеш добра — напішуць добра, згуляеш дрэнна — напішуць дрэнна, згуляеш сярэдне — нічога не напішуць. Таму ніяк да гэтага не стаўлюся. Калі ўвесь час чытаць пра сябе — не станеш гуляць лепш. Што тычыцца пахвалы, то гэта прыемна, але ад радасці не скачу. Пасля добрых водгукаў пра выступленне ў Польшчы трэба пацвярджаць свой узровень, апраўдваць сваё знаходжанне ў зборнай.
— Еўракубкавы сезон для СКА завершаны, наперадзе барацьба з БГК імя Мяшкова. З якім настроем да яе падыходзіце?
— Пасля гульняў у групе Кубка ЕГФ мы не маем намеру расслабляцца, змагацца за Кубак Беларусі і «золата» чэмпіянату будзем сур’ёзна. Гэта для нас важна — хто будзе першым, той згуляе ў Лізе чэмпіёнаў. Думаю, лёгкага жыцця БГК мы не дадзім.
Бліц-апытанне
Найлепшы адпачынак для мяне — гэта актыўнае баўленне часу. Квэсты, картынг, пейнтбол.
Любімыя краіны (акрамя Беларусі) — Аўстрыя, Францыя.
Любімы горад — Будапешт.
Найбольш ярка выяўленая рыса характару — не люблю гаварыць пра сябе.
Любімая марка аўто — «Мерседэс», «БМВ».
Людзі, у якіх ёсць чаму павучыцца для мяне — Ніклас Ландзін, Славамір Шмаль, Хенінг Фрыц.
Любімая музыка — рок, у прыватнасці гурт «Бі-2».