У Аршанскім судзе Ігару Грышанаву, старасту вёскі Стаўры, было патлумачана, што ён прапусціў тэрміны звароту.
Вясковы стараста спрабаваў абскардзіць дзеянні прадпрыемства ААТ «Птушкафабрыка Аршанская».
«Звярнуцца ў суд Ігара Грышанава змусілі абсурдныя, на яго думку, дзеянні кіраўніцтва птушкафабрыкі. Пасьля праведзенага ў 2013 годзе капітальнага рамонту вясковага клуба, нечакана для жыхароў вёскі Стаўры, было прынятае рашэнне пра знос будынку.
Кіраўніцтва птушкафабрыкі, якая з’яўлялася ўладальнікам клюбу, не ўзяло пад увагу, што ў ягоных сьценах працаваў мясцовы фальклёрны калектыў «Гаспадынька», ладзіліся вясковыя сходы, сустрэчы з дэпутатамі і артыстамі, размяшчаліся перасоўныя лякарня-амбуляторыя і «Дом сацыяльных паслугаў», — піша сайт «Віцебская вясна».
Паводле звестак сайту, мясцовыя жыхары нават гатовыя былі ўзяць клуб на сваё поўнае ўтрыманне, бо меркавалі, што гэты культурніцкі асяродак спрыяў бы захаванню мясцовых традыцыяў, нацыянальнай культуры і звычаяў. Але ўсе спробы знайсьці паразуменне з кіраўніцтвам птушкафабрыкі былі марнымі. Літаральна праз год пасля капітальнага рамонту будынак клюбу быў зраўнаваны з зямлёю, гаворыць стараста вёскі Стаўры Ігар Грышанаў.