І чыноўнікі павіншавалі адзін аднаго.
Сёння, 10 кастрычніка, на тэрыторыі Куцеінскага Свята-Богаяўленскага мужчынскага манастыра адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя выданню поўнага факсімільнага ўзнаўлення вядамога “Буквара” Спірыдона Собаля 1631 года выдання. Як вядома, ён быў надрукаваны ў Куцеінскім манастыры.
«Буквар» памерам з далонь цалкам адпавядае арыгіналу. Ён зроблены на спецыяльнай паперы, мае скураны пераплёт.
Сёння афіцыйна існуе толькі адзін асобнік «Буквара», надрукаванага Спірыдонам Собалем ў 1631 годзе ў Куцеінскай друкарні пад Оршай. Захоўваецца ён у Нацыянальным музеі імя А. Шаптыцкага ў Львове.
Урачыстасці пачаліся тэатралізаванай прэзентацыяй ў гонар факсімільнага ўзнаўлення «Буквара» Спірыдона Собаля. Гэта зрабілі акцёры-мінчукі, якія прачыталі свае маналогі на рускай мове.
Потым у афіцыйнай частцы пачаліся віншаванні, граматы і падарункі ад чыноўнікаў гораду, культуры, царквы і навукі. У прысутных склалася адчуванне, што ўсе гэтыя людзі, ад дэпутата парламенту Людмілы Дабрынінай да дырэктара КУП “Вадаканал”, маюць дачыненне да ўзнаўлення гісторыі нашага краю, тым больш Куцейны.
На самой справе тых, хто пачынаў справу аднаўлення ў сярэдзіне 80-х гадоў разбураных савецкай уладай старажытнах помнікаў, не запрасілі і не ўспомнілі. Алесь Сярожкін аддаў узнаўленню Куцейны частку свайго жыцця і невядома чым карміў сваю сям’ю ў той час. Ён там дняваў і начаваў.
На сёняшні дзень Алесь за свае сродкі сабраў калекцыю ўсяго беларускага: паштовак, значкоў, квіткоў і шмат-шмат чаго. Перапісваецца з калекцыянерамі з усяго свету. Выпусціў некалькі дзесяткаў нумароў газеты “Беларускі калекцыянер”. Але сродкаў на адкрыццё музея няма.
Краязнаўца і гісторык Юрка Копцік падрыхтаваў фундаментальную працу па гісторыі Аршаншчыны, аддаўшы шмат гадоў і сродкаў на гэтую працу.
Гісторыю і помнікі Аршанскага краю ўзнаўлялі з нібыцця Віктар Сцяпанаў, Юрка Копцік, Аляксандр Кудрын, Аляксандр Шынкевіч, Віталь Ермаловіч і іншыя. Старонкі на пералік прозвішчаў не хопіць. Сёняшняя ўлада іх не ўспамінае.
Вельмі і вельмі заслужана была ўзнагароджана за працу на Аршаншчыне Вольга Ляўко, прафесар, доктар гістарычных навук. Яна пачала працаваць з аршанскімі краязнаўцамі ў тыя далёкія часы, калі грамадская арганізацыя “Повязь”, якую ўзначальваў Алесь Сярожкін, пачала ўзнімаць з руінаў Куцеінскі манастыр.
Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый ўручыў граматы “вядомым” у Оршы “гісторыкам і краязнаўцам”: дырэктару Жылкамхоза, дырэктару Вадаканала, дырэктару Аршанскага авіярамонтнага заводу, дэпутату парламенту Людміле Дабрынінай.
Пасля ўзнагарод і поціскаў рук старшыня Аршанскага райвыканкаму Мікалай Лісоўскі і Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый адкрылі накідку з Памятнага знаку, прысвечанага друкару Спірыдону Собалю і яго “Буквару”.