Паводле гісторыка Аркадзя Смоліча, менавіта пад Оршай (з улікам этнічна беларускіх Смаленшчыны, Браншчыны ды Невельшчыны) знаходзіцца геаграфічны цэнтр беларускага свету.
Урывак з нарыса Паўла Севярынца, прысвечанага нашаму гораду.
«Орша. Здавалася б, ну што тут таемнага. Шэсць чыгуначных шляхоў, тры турмы (адну зачынілі) ды льнокамбінат…Але ж Орша — гэта тое самае месца, дзе ў ліпені 1067 кіеўскія князі цалавалі крыж на перамовах з полацкім Усяславам Чарадзеем ды вераломна захапілі яго ў палон разам з дзецьмі.
Орша — месца баявой беларускай славы. Вёсачкі вакол — Хорабрава, Барань, Баяры, Стражава… У 1410 пад Грунвальдам менавіта аршанская харугва разам са смаленцамі і мсціслаўцамі прыняла на сябе найстрашнейшы ўдар тэўтонскага ордэна і загінула амаль дарэшты. Орша, баярская Орша на старажытным шляху з варагаў у грэкі, паміж дняпроўскім бліскучым мечам, які рассякаў беларускі ўсход, і шабляй Дзвіны, выхапленай з похваў на поўначы, была ключом да абароны Вялікай Літвы ад самага небяспечнага ворага — Крамля. Нездарма менавіта тут пяцьсот гадоў таму 8 верасня 1514 пад гукі трубаў-сурмаў з турыных рагоў пачалася знакамітая Крапівенская сеча — бітва пад Оршай.
Для савецкага беларуса святыя месцы — бераг Дняпра з помнікам “Кацюшы”, дзе 14 ліпеня 1941 батарэя пад камандаваннем капітана Флёрава правяла першы залп, або чыгуначнае дэпо, месца працы падпольшчыка Канстанціна Заслонава, датычнага, калі верыць камуністам, да падрыву 93 нацысцкіх цягнікоў».