Многія жыхары Оршы ўжо звярнулі ўвагу на будоўлю, якая разгарнулася ў двары паўразбуранага помніка архітэктуры – корпуса базыльянскага кляштара.
Паводле знешніх прыкметаў, новы аб’ект нагадвае тыповы зборна-шчытавы дом. Яго ўзводзяць з дошак і брусу. Дырэктар музейнага комплексу «Гісторыя і культура Аршаншчыны» Уладзімір Кузубаў патлумачыў, што гэта будуецца склад матэрыялаў для наступнага рамонту:
«Каб не захоўваць проста ў двары пад цыратай, будуецца адмысловы склад. Калі матэрыялы завязуць і пачнецца рэстаўрацыя, яшчэ не вядома. Можа, і не варта пра гэта шырока паведамляць, каб у пэўных асобаў не было спакусы чымсьці пажывіцца. Але – абавязкова будзе, і рамонт распачнецца».
Праз плот ад будучага складу знаходзіцца аддзел міліцыі, так што будматэрыялы, можна лічыць, у бяспецы. Аднак наконт пачатку рэстаўрацыі застаюцца пытанні. Чаму пра яе загаварылі толькі цяпер, калі абяцалі распачаць яшчэ ў красавіку? І няўжо пабудаваць склад – задача больш важная, чым узвесці часовы дах? Драўніны, што пайшла на будаўніцтва, яўна хапіла б хоць на полову даха над помнікам архітэктуры…
Без даху помнік архітэктуры XVIII стагоддзя, былы жылы будынак Аршанскага базылянскага кляштара, дзе пазней размяшчаўся Свята-Пакроўскі праваслаўны мужчынскі манастыр і Аршанскае духоўнае вучылішча, стаіць ужо 10 гадоў. Аршанскія краязнаўцы і проста неабыякавыя гараджане ўжо не аднойчы звярталіся ў розныя адказныя структуры, каб змусіць гаспадароў гістарычнага будынка хаця б нешта прадпрыняць для яго захавання. Але гаспадары – Віцебская Епархія праваслаўнай царквы – у адказ гаварылі хіба толькі пра далёкія перспектывы рэстаўрацыі. І нічога не кажуць пра лёс ахвяраваных на аднаўленне будынка сродкаў.



