Чатыры злачынствы савецкіх уладаў у першыя тыдні пасьля аварыі, піша svaboda.org.
1. Замоўчваньне інфармацыі
Першае паведамленьне аб аварыі на Чарнобыльскай АЭС зьявілася ў савецкіх СМІ толькі праз 36 гадзін пасьля выбуху – 27 красавіка дыктар прыпяцкай радыётрансьляцыйнай сеткі паведаміў пра збор і часовую эвакуацыю жыхароў гораду.
Толькі 28 красавіка савецкае агенцтва ТАСС перадае кароткае паведамленьне: «На Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыўся няшчасны выпадак. Адзін з рэактараў атрымаў пашкоджаньне. Робяцца захады з мэтай ліквідацыі наступстваў інцыдэнту. Пацярпелым аказана неабходная дапамога. Створана ўрадавая камісія для расьсьледаваньня здарэньня».
Жыхароў пацярпелых раёнаў не папярэдзілі пра небясьпеку і не далі рэкамэндацый, як сябе паводзіць, каб зьменшыць дозу атрыманай радыяцыі.
2. Адсутнасьць ёдавай прафіляктыкі
Ужо 29 красавіка польскія ўлады прынялі рашэньне раздаваць прэпараты ёду ў паўночна-ўсходніх раёнах Польшчы для прафіляктыкі раку шчытападобнай залозы ў дзяцей. У Савецкім Саюзе такога кроку своечасова не зрабілі.
Радыеактыўны ёд-131 мае пэрыяд паўраспаду 8 дзён і быў асабліва небясьпечны ў першыя месяцы пасьля аварыі. Шчытападобная залоза, асабліва ў дзяцей, назапашвае ёд-131, які прысутнічаў у высокай канцэнтрацыі ў зеляніне і малацэ.
Паводле экспэртаў ААН, зь вялікай імавернасьцю менавіта ёд-131 выклікаў значны рост захворваньняў на рак шчытападобнай залозы сярод тых, хто падчас Чарнобыльскай аварыі быў дзіцем.
3. «Чорны дождж»
У першыя дні пасьля аварыі вецер пераважна дзьмуў у паўночна-ўсходнім кірунку, пагражаючы данесьці радыеактыўныя ападкі да гарадоў Расеі – Варонежу, Масквы, Ніжняга Ноўгараду, Яраслаўлю.
Маёр Аляксей Грушын расказаў у дакумэнтальным фільме тэлеканалу Бі-Бі-Сі, як ён некалькі разоў падымаўся ў паветра над Беларусьсю. Пры дапамозе снарадаў, напоўненых ёдыдам срэбра, ён выклікаў радыеактыўны дождж над тэрыторыяй Беларусі.
Масква заўсёды адмаўляла факт узьдзеяньня на радыеактыўныя хмары. Аднак у сувязі з 20-годзьдзем Чарнобыльскай трагедыі маёр Грушын быў сярод узнагароджаных за праяўленую мужнасьць. Ён кажа, што атрымаў узнагароду менавіта за гэта: «Раён, у якім мая каманда працавала над аблокамі, быў у непасрэднай блізкасьці ад Чарнобылю, і ня толькі ў 30-кілямэтровай зоне, але і на адлегласьці 50, 70 і нават 100 кілямэтраў».
4. Сьвяточныя дэманстрацыі
У той час як шматлікія замежныя сродкі масавай інфармацыі паведамлялі пра пагрозу жыцьцю людзей, а на экранах тэлевізараў дэманстраваліся мапы паветраных патокаў ва Ўсходняй Эўропе, у гарадах Савецкага Саюзу 1 траўня ладзілі сьвяточныя дэманстрацыі, прысьвечаныя Дню працы. На той момант людзі ўсё яшчэ ня ведалі, што ў гэтыя дні варта ня есьці зеляніны, ня піць сьвежага малака і як мага радзей выходзіць з дому.
Тагачасны кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў пазьней тлумачыў у інтэрвію часопісу «Оптимист», што ўлады не адмянілі першатравеньскія маніфэстацыі, бо баяліся рэакцыі насельніцтва. «Сапраўды, мы баяліся панікі — вы самі можаце ўявіць сабе магчымыя наступствы масавай панікі ў шматмільённым горадзе! Цяпер ясна, што гэта было памылкай».
Радыяцыйнае заражэньне
Забруджваньне цэзіем-137 закранула 66% плошчы краіны (звыш 130 тысячаў квадратных кілямэтраў).
У лютым 2010 г. у 5-ы «Пералік населеных пунктаў і аб’ектаў, якія адносяцца да зоны радыеактыўнага забруджваньня» ўваходзілі 2402 паселішчы.
На забруджаных радыенуклідамі землях засталося 1,1 млн. жыхароў (12% насельніцтва Беларусі).
На 1 студзеня 2013 г. забруджанымі цэзіем-137 заставаліся 14,5% плошчы краіны, у тым ліку 11,1% выкарыстоўваных сельскагаспадарчых земляў і 18,6% лесу.
Мэдычныя наступствы
У выніку чарнобыльскай катастрофы радыяёд (перш за ўсё ёд-131) быў адной з галоўных крыніц апраменьваньня насельніцтва і ўзьдзейнічаў перш за ўсё на шчытападобную залозу. Самымі апрамененымі жыхарамі Беларусі аказаліся дзеці і падлеткі, асабліва дзеці да 7 гадоў.
У параўнаньні з дааварыйным пэрыядам колькасьць выпадкаў раку шчытападобнай залозы пасьля чарнобыльскай аварыі ўзрасла сярод дзяцей у 33,6 разу, сярод дарослых у залежнасьці ад узроставых груп — у 2,5-7 разоў. Найбольшая колькасьць выпадкаў раку шчытападобнай залозы выяўляецца сярод жыхароў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей.
У насельніцтва, якое пражывае на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, рэгіструецца больш высокі ўзровень захворваньня на хваробы нэрвовай і эндакрыннай сыстэмы, злаякасныя наватворы шчытападобнай залозы.
У насельніцтва Беларусі, якое пражывае на тэрыторыях з шчыльнасьцю забруджаньня цэзіем-137 больш за 555 кБк/м2, адзначана ўзрастаньне частаты некаторых прыроджаных парокаў разьвіцьця ў параўнаньні з дааварыйным пэрыядам.
Сацыяльна-эканамічныя наступствы
Зь сельскагаспадарчага абароту выведзена 2,64 тыс. кв. км сяльгасугодзьдзяў. Ліквідаваныя 54 калгасы і саўгасы, закрыта дзевяць заводаў перапрацоўчай прамысловасьці. Рэзка скараціліся пасяўныя плошчы і валавы збор сельскагаспадарчых культур, істотна зьменшылася пагалоўе жывёлы.
Значна паменшаныя памеры карыстаньня мінэральна-сыравіннымі і іншымі рэсурсамі. У зоне забруджаньня апынуліся 132 радовішчы розных відаў мінэральна-сыравінных рэсурсаў.
Вялікая шкода нанесеная лясной гаспадарцы. Каля чвэрці ляснога фонду Беларусі было закранута радыеактыўным забруджаньнем.
Шкода, нанесеная краіне Чарнобыльскай катастрофай у разьліку на 30-гадовы пэрыяд яе пераадоленьня, ацэньваецца на 235 млрд. даляраў ЗША, што роўна 32 бюджэтам Беларусі 1985 году.