
Разам са спартсменкай настаўнікамі для аршанскіх школьнікаў стануць вядучы «Падарожжаў дылетанта» Юры Жыгамонт і дзіцячая пісьменніца Алена Масла.
У Оршы ў адукацыйнай праграме прымуць удзел школьнікі з гімназіі № 2 і сярэдніх школ № 4, 9, 17, 19. З гэтага горада пачынаецца серыя ўрокаў адукацыйнай ініцыятывы «Чытаем па-беларуску з velcom» у Віцебскай вобласці. У сакавіку і красавіку праект ахопіць 25 школ Віцебшчыны.
«Чытаем па-беларуску з velcom» – гэта сацыяльны адукацыйны праект, ініцыятарам якога з’яўляецца кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Мэта гэтай ініцыятывы – папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры ў малодшых школьнікаў па ўсёй Беларусі. Урокі праекта праходзяць у інтэрактыўнай займальнай форме.
У пастаянны склад настаўнікаў праекта ўваходзяць: паэтка і пісьменніца Раіса Баравікова, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі, казачніца Алена Масла, дзіцячая пісьменніца Наталля Бучынская і тэлевядучы Юры Жыгамонт. Акрамя гэтага, незвычайнымі настаўнікамі беларускай мовы становяцца іншыя вядомыя беларусы, дзеячы культуры і спорту.
Упершыню Аліна Талай выступіла ў ролі запрошанага настаўніка праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» восенню 2016 года. «У мяне застаўся велізарны эмацыянальны зарад ад камунікацыі з дзецьмі! – падзялілася сваімі ўражаннямі спартсменка. – Лічу, што такі праект вельмі патрэбны і важны. Вядома, беларускую мову і літаратуру выкладаюць у школе. Але дзецям цікава пагутарыць з кімсьці апроч настаўніка, хто гэтым захоплены, хто старэйшы. Важна данесці дзецям, што беларуская мова – жывая, што трэба яе ведаць і разумець».
Да цяперашняга моманту ў занятках праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» прынялі ўдзел больш за 17 000 школьнікаў з 140 устаноў адукацыі краіны.





