Цяпер ёсць некалькі поглядаў на тое, што ёсць Купалле на сённяшні дзень.
Погляд традыцыйны: Купалле – гэта перажытак з дахрысціянскіх вераванняў нашых далёкіх продкаў. Традыцыя моладзі ў гэтую ноч займацца рознымі брыдкасцямі на вуліцах гарадоў і весяў адыйшла, так што можна гэта ўсё спакойна выкінуць з галавы і забыць.
Погляд афіцыйны: Івана Купала – гэта добрая традыцыя нашага народа, яе трэба падтрымліваць і развіваць у патрэбным нам рэчышчы. Важна не перагнуць палку: у вечар і ноч з 6 на 7 ліпеня дзе-небудзь на прыстойным месцы ладзім выступ мясцовых “зорак” пап-музыкі пад фанаграму, затым мясцовая самадзейнасць ладзіць ненагрувашчанае прадстаўленне з удзелам розных вядзьмарак, чарцей ды іншых фальклорных персанажаў. Усё пад канец завяршаецца запальваннем бутафорскага купальскага вогнішча, і на гэтым усё. Апагеем гэтага ўсяго фальшывага афіцыёзу паступова становіцца Купалле ў вёсцы Александрыя Шклоўскага раёна, якое цяпер ужо неабавязкова прывязана і да 6 ліпеня.
Погляд аўтэнтычны: Купалле – самае рамантычнае свята беларусаў з усяго гадавога цыклу, і яго трэба захаваць такім, якім яно было. З абрадам пляцення вянкоў, запальвання купальскага вогнішча, пошукаў папараць-кветкі, начнога купання ў рацэ ці возеры “без усяго”, і скакання праз агонь купальскага вогнішча. І галоўнае – Купалле свята летняга сонцавароту, які нашыя прадзеды адзначалі ў самую кароткую ноч году, з 23 на 24 чэрвеня.
Да таго, як папы збілі наш народ з панталыку са сваімі новымі і старымі стылямі календара, заадно прывязаўшы яго да свайго хрысціянскага свята Іоана Прадцечы, адкуль і Івана Купала. Таму безапеляцыйна вяртаемся да 23 чэрвеня, і святкуем па вякамі асвечаным абрадзе. Як гэта адбывалася сёлета ў прыгарадзе Оршы на Дняпры фотарэпартаж Алеся Еслікава: абрад плюс непрадугледжанае, але захапляльнае фаер-шоў.











