Фота:“Млын. Орша. XIX ст.”, кераміка, 2014 г.
Аршанскі млын, які можна ўбачыць цераз дарогу ад Замчышча, будаваўся у пачатку мінулага стагоддзя, разам з сугучным паводле стылю арачным мостам цераз штучны канал, што злучае Аршыцу з Дняпром.
Паводле вядомага даследчыка беларускай архітэктуры Юрыя Якімовіча, аршанскі млын пабудаваны ў традыцыях псеўдаготыкі. Цяпер у будынку млына знаходзіцца адзін з найцікавейшых музеяў Оршы – Музей этнаграфіі. На прылеглай тэрыторыі размешчаны парк каменнай скульптуры.
Як вядома, вакол млына назіраліся надзвычайныя здарэнні, якія знаходзілі адлюстраванне ў народных паданнях. Пра Аршанскі млын распавядаюць, што каля яго ўначы бачылі прывід чорнай свінні, якая з’яўлялася ніадкуль, агрэсіўна паводзілася адносна сведкаў і знікала пасля накладання крыжа, пакідаючы па сабе толькі чорны дым…
Керамічны медаль “Млын. Орша. XIX ст.” выраблены прадпрымальнікам Міхасём Паўлавым паводле эскіза вядомага віцебскага гісторыка і краязнаўцы Ігара Цішкіна.
Керамічны медаль выстаўлены на продаж ў рэчышчы дабрачыннай акцыі, абвешчанай яго стваральнікамі. Яны збіраюцца пералічыць частку сродкаў ад продажу медалёў на адмысловы рахунак, адкрыты для збору ахвяраванняў на рэстаўрацыю помніка архітэктуры 18 ст., жылога будынка кляштара базылянаў, які належыць цяпер прыходу Свята-Пакроўскай царквы Віцебскай епархіі БПЦ.
Гэты, і іншыя керамічныя медалі з выявамі гістарычных і архітэктурных помнікаў Воршы можна набыць у краме “Талер”, у працоўныя дні з 9.00 да 19.00 , у суботу з 9.00 да 17.00; тэл./факс 8 -0216-338-266.