Усе творы аддаюцца ў дабрачынны продаж. 65% ад продажу пойдуць на капітальны рамонт і рэканструкцыю Базылянскага кляштара ў Воршы і сьвятыні Апекі Маці Божай (віленскае барока сяр. XVIII ст.). 35% ад продажу пойдуць на пільныя патрэбы аўтара: новыя рамы, шкло, паспарту, акварэльную паперу, фарбы і іншы рыштунак мастака.
На пачатку гэтае мае выставы я хацеў бы зьвярнуцца да ўсіх вас, шаноўныя наведнікі, і найперш — да землякоў-аршанцаў.
Для нас усіх наш родны гораді дарагі і незабыўны. Але мы яго памятаем па-рознаму. Тыя нашыя землякі, якія памятаюць Воршу з даваеннай пары, бачылі багаты сваёй старажытнай культурай еўрапейскі горад. Аднак такіх людзей зусім мала.
Да вайны ў горадзе было не меньш як 10 храмаў з кляштарамі, і ўсе былі ў добрым стане. Але і пасьля вайны многае з багатае архітэктуры, якой быў вядомы наша горад, яшчэ захавалася. Некаторыя помнікі ў вайну былі пашкоджаны, але яны яшчэ маглі быць ўзноўленыя.
Я памятаю горад прыблізна з 1949-50 гг. У цэнтры горада стаяў Трынітарскі касьцёл з манастырскімі будынкамі. Зразумела, ён быў пашкоджаны ў часе вайны, але ягоны стан быў дастаткова добры, і яго яшчэ выкарыстоўвалі ў нейкіх гаспадарчых мэтах. На жаль, у сярэдзіне 1950-ых яго зьнеслі. Многія ж храмы яшчэ і далей заставаліся цэлымі. Сапраўдным упрыгожаннем горада была сьвятыня Апекі Маці Божай былога Базылянскага кляштара. У 1969 годзе гэтую сьвятыню разбурылі і вывезьлі на сьметнік. У гэты ж час быў зьнішчаны і Францішканскі касьцёл.
Мне ўжо не аднойчы даводзілася публічна гаварыць пра неабходнасьць узнаўлення гвалтоўным чынам зьнішчаных помнікаў архітэктуры. Але зараз гаворка ідзе пра сьвятыню Апекі Маці Божай і кляштар былога Базылянскага кляштара. Каля 10 гадоў будынак кляштара, помнік архітэктуры ХVIII стагодзьдзя, стаіць без даху ды разбураецца ад дажджу, сьнегу і марозу. Галоўнае цяпер – правесьці належную кансервацыю помніка, накрыць яго дахам, надзейна закрыць ваконныя праёмы.
Я ўжо зьвяртаўся і да мясцовага кіраўніцтва, і да міністра культуры з прапановай аднаўлення храма і рэканструкцыі кляштара Базылянаў. Гэтую простую, але надзвычай важную справу пакуль ніхто — ні царква, якой належыць будынак, ні дзяржаўныя ўстановы, якія мусяць клапаціцца пра агульнанародную спадчыну, — агораць так і не змаглі. Пры гэтым яны спасылаюцца на недахоп грошай.
Такія абставіны вымушаюць мяне дзейнічаць неардынарна. Для таго, каб актывізаваць паступленне грошай на спецыяльны рахунак для збору сродкаў на аднаўленне кляштара, я гатовы прадаць частку сваіх твораў. 65% атрыманых такім чынам сродкаў я мяркую дасылаць на гэты рахунак.
Я запрашаю вас, дарагія землякі і шаноўныя наведнікі, далучыцца да гэтай ініцыятывы. Зразумела, што посьпех у продажы маіх твораў будзе, калі зьявіцца актыўны кантынгент пакупнікоў. Разам з тым у вас ёсьць абсалютная свабода у выбары формы вашага ўдзелу. Вы можаце проста пералічыць пэўную суму на ўказаны рахунак, і гэтым зрабіць добрую і высакародную справу. Але тыя, хто набудзе мае творы, змогуць пакінуць сабе добрую памятку пра ўдзел у нашай агульнай культурнай акцыі.
Фотаздымкі выстаўленых на продаж твораў, з указаннем усіх неабходных дадзеных, можна ўбачыць на гэтай старонцы.
Удзельнічаць у выратаванні кляштара былога Базылянскага кляштара і адбудове сьвятыні Апекі Маці Божай ў Воршы могуць не толькі аршанцы, далёкія і блізкія мае землякі. Я запрашаю да ўдзелу ўсіх патрыётаў, якія разумеюць, што ўзнаўленне помнікаў, страчаных праз бальшавіцкі рэжым – гэта справа надзвычай важная для агульнай культуры нашай краіны, для выхавання нашае моладзі, для ўмацавання нашага нацыянальнага гонару.
З надзеяй, Ваш Мікола Купава
Каб паведаміць пра свой намер набыць адзін з прадстаўленых на выставе твораў, ды абмяркаваць працэдуру аплаты і атрымання, звяжыцеся, калі ласка, са мной праз электронную пошту[email protected].
альбо па тэлефоне: +375-29-5513236 (MTC)
Сродкі на рэстаўрацыю былога Базылянскага кляштара ў Воршы можна пералічыць на рахунак: Р/р 3015335456015, УНП 300986971 ЦКО№4 дырэкцыя ААТ «Белінвестбанк» г. Ворша, вул. Леніна, 26а, БІК 153001739. Атрымальнік: прыход Свята-Пакроўскага храма г. Ворша Віцебскай епархіі БПЦ.