Беларускі архітэктар Аляксандр Невар ( вядомы таксама пад псеуданiмам «Пiнчук») віртуальна «аднаўляе» страчаныя святыні, знесеныя ў часы «ваяўнічага атэізму». Апошнія яго працы – аршанскія краявіды, на якіх гараджане пазнаюць рэшткі манастырскага комплекса на беразе Аршыцы.
На фотакалажах Аляксандра Невара — царква Апекі Маці Божай, узарваная па распараджэнні гарадскіх уладаў у канцы 1960-х. Выява разбуранай царквы «трапіла» ў сённяшні краявід пры дапамозе 3D мадэлявання.
Паводле Аляксандра Невара, для такой працы трэба ведаць геаметрычныя памеры гістарычных будынкаў, або вылічыць іх паводле чарцяжоў ды iншых выяваў, што захавалiся да нашых дзён. Значна спрашчае задачу наяўнасць якаснай праектнай дакументацыi.
Аднак, што да царквы Апекі Маці Божай, то Аляксандар Невар зазначае:
«Пакуль не знойдзены чарцяжы планаў ды фасадаў гэтай былой базылiянскай святынi. Апiсанне i графiчная выява кляштара разам з царквой сустракаецца ў кнiзе Iнэсы Слюньковай » Монастыри восточной и западной традиций». Дакладныя габарыты магчыма атрымаць, даследваўшы i зрабiўшы памеры iснуючых падмуркаў, якiя захавалiся i, спадзяюся, захаваюцца да лепшых часоў. На жаль, на гэтым самым месцы аднавiць святыню па сучасных нормах, не замiнаючы адмiнiстрацыйнаму трохпавярховаму будынку побач, амаль немагчыма. Ды й наогул яшчэ пашанцавала, што гэтую тэрыторыю дагэтуль не забудавалi, хоць i рассеклi напалову плотам. Калi атрымаецца пазначыць абрысы храма на мясцовасцi адметным узорам тратуарнай плиткi цi яшчэ якiмсьцi чынам, то гэта будзе кампрамісным і нявыдатковым вырашэннем».
Падмуркі царквы зараз часткова знаходзяцца на той тэрыторыі, якая прылягае да будынка Аршанскага гарадскога аддзела міліцыі і абгароджана плотам. У 2005 годзе аршанская грамадскасць прыклала шмат намаганняў, каб адзін з міліцэйскіх карпусоў не быў узведзены на гістарычных падмуркаў. На трыторыі ГАУС ўсталяваны крыж у памяць пра колішнюю святыню. Але аднавіць яе, не парушыўшы патрабаванняў да архітэктурных аб’ектыў, сёння немагчыма — будзе замінаць будынак, у якім цяпер знаходзіцца ІЧУ.
Арыгінальныя здымкі для фотакалажаў зрабіла журналістка Алена Сцяпанава.