Аб заняпадзе роднай мовы ў Оршы пачалі пісаць 30 год назад

Новости культуры
0
(0)
Сережкін
1990 год. На здымку: Алесь Сярожкін ставіць крыж на месцы растрэлу людзей у часы генацыду 1937-1953 гадоў.

У студзені 1987 года аршанская газета “Ленінскі прызыў” упершыню надрукавала артыкул, у якім ідзе размова аб заняпадзе беларускай мовы як у горадзе, так і краіне. На наш погляд артыкул актуальны і на сёняшні дзень.

Артыкул напісаў рабочы-будаўнік Алесь Сярожкін. У 1986 годзе ён быў ініцыятарам стварэння клуба “Повязь”, у якім сабраліся аматары даўніны. Першай іх справай было выратаванне будынка Свядухаўскай царквы Куцеінска манастыра. Асабістай заслугай Алеся з’яўляецца выратаванне ад зносу будынка касцёлу і выданне газеты “Беларускі калекцыянер”.

Расказвае Алесь Сережкин:

— Калі я пачаў размаўляць па-беларуску? Не ведаю. Мяне і ў школе, і ў Ленінградзе, дзе я нейкі час жыў, называлі калгаснікам. Так клікалі, таму што рос у бабкі ў вёсцы да сямі гадоў. А ў вёсцы размаўлялі на нейкім магілёўскай — беларускім дыялекце. Арэлі, мост, газу, крама, шпарка і г.д.
Мяне ў першым класе настаўніца выклікала прачытаць тэкст. Чытаю слова «пол». І зразумець не магу, пра што напісана.
Настаўніца:
— Ты, што не разумееш? Па літарах чытай.
Па літарах чытаю. Зноў не разумею. Што за слова. Я ні разу яго не чуў.
Настаўніца:
— А на чым ты стаіш? На мосце. На якой мосце? Ну, думаю, што нешта не тое сказаў.
На дошцы, — кажу.
Вось такія былі цяжкасці.
Бацькі жылі ў Касцюковічах, бацька працаваў шэф-поварам у мясцовым рэстаране. Жылі мы ў доме, дзе пражывала эліта гораду: пракурор, старшыня гарвыканкама, начальнік міліцыі і г.д.
Калі я прыехаў з вёскі і як скажу што-небудзь, усё смяюцца:
— Адкуль вы гэтага калгасніка прывезлі. Вось так калгаснік і калгаснік.
Потым паехаў у Ленінград, адтуль у армію пайшоў. Затым паехаў у Ніжнявартаўск працаваць. А туды ў бібліятэку даслалі кнігі з Мінска на беларускай мове. Абмен паміж бібліятэкамі такі адбываўся. Я пачаў чытаць, было складана. Пасля я чытаў усё больш і прывык.

Аб роднай мове (Студзень 1987 года)

Ці задумваўся хто-небудзь над тым, што такое Беларусь.  Адзін скажа, што гэта гарады: Мінск, Бюэст, Гродна, Віцебск. Другі назаве рэкі: Дняпро, Нёман, Бяроза, Дзвіна. Трэці дадасць, што гэта магутныя «МАЗы», «БелАЗы», трактары, халадзільнікі, вылічальныя машыны. А мне здаецца, што гэта перш за ўсё людзі — простыя і працавітыя. з іх сакавітай мовай, на якой Францыск Скарына пачаў друкаваць свае кніжкі яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя. Беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім. Менавіта мова і людзі, носьбіты гэтай мовы, з’яўляюцца адметнай рысай таго ці іншага народа.

Напрыклад, калі трапляеш у Вільню, то ўжо з першых крокаў адчуваеш, што ты ў Літве. Бо паўсюдна чутна літоўская мова. Шыльды крам, прадпрыемстваў,устаноў таксама па-літоўску. Ці на двух мовах: па-літоўску і па-руску. Усё з усіх бакоў сведчыць, што ты ў Літве і нідзе інш. Такі малюнак можна назіраць і ва Украіне, і ў Грузіі, і ў іншых нашых рэспубліках.

А як жа справы з нашай культурай абстаяць у нас на Беларусі і ў нашым горадзе? Ці шмат у Оршы беларускага? Давайце спачатку пройдзем па вуліцах, паглядзім на шыльды, плакаты, аб’явы. Усе яны на рускай мове. Выключэннем з’яўляюцца магазіны «Раніца», «1000 дробязей» і жменька іншых.

Да «Раніцы» ўсе мы так прывыклі, што і не ўяўляем сабе іншай назвы. А вось рэкламу чамусьці не ўяўляем на беларускай мове. У магазін «Прамтавары» на праспекце Тэкстыльшчыкаў прыехалі мастакі з «Белгандальрэкламы». Мінчане прапанавалі зрабіць усе подпісы на беларускай мове або на беларускай і рускай. Але дырэктарка магазіна адразу супрацівілася: маўляў, у нас заўжды былі ўсе надпісы на рускай мове і нічога не трэба выдумляць.

Патрабуюць да сябе ўвагі і назвы нашых вуліц, Ёсць у нас вуліца Г.Скарыны. Але ўжо даўно навукова даказана, што Скарына ніколі не быў Георгіем, а заўжды пісаўся Францыскам ці Францішакам. I толькі так ён завецца цяпер ва ўсіх літаратурных 1 навуковых працах.

Даўно прыйшоў час замяніць шыльды на гэтай вуліцы. Трэба пазбаўляцца і ад такіх назваў вуліц як «Новая», «Лейтэнанцкая» I падобных на іх, бо гэта вельмі недарэчныя назвы. Колькі ў нас добрых людзей, памяць аб якіх можна ўвекавечыць у назвах вуліц! Даўно аршанцы чакаюць вуліцу Уладзіміра Караткевіча, Спірыдона Собаля. Трэба, каб не адзін—два чалавекі вырашалі справу з назвай вуліцы, той ці іншай установы, а каб да гэтага далучалася і грамадскасць горада. Можа б тады і не назвалі новы рэстаран «Планета», бо назва гэта даўно ўжо набіла ўсім аскоміну.

А цяпер прыслухаемся да гаворкі жыхароў нашага горада. Вельмі рэдка пачуеш у нас беларускую мову, ды і то пераважна ад людзей сталага ўзросту. Моладзь жа карыстаецца рускай мовай. Ды і дзе яна магла навучыцца роднай, калі ў Оршы няма ніводнай беларускай школы. А родную мову пачынаюць вывучаць з 3 класа. Колькасць жа гадзін на яе вывучэнне параўноўваецца з колькасцю гадзін замежнай мовы. Да таго ж, у кожным класе знаходзіцца нямала  вучняў, па той ці іншай, часам самай неверагоднай, прычыне, вызваленых ад вывучэння беларускай мовы.

Прыгадваецца такі выпадак. Неяк у СШ № 3, якая носіць імя У. Караткевіча, у майстэрні я папрасіў у вучняў некалькі цвікоў. Хлопчыкі доўга і здзіўлена пераглядаліся паміж сабой, а потым нехта працягвае мне запалкі. Не ведалі пяцікласнікі і яшчэ многа элементарных беларускіх слоў. Толькі ці трэба вінаваціць гэтых дзяцей? Усе яны прыйшлі ў школу з рускамоўных дзіцячых садоў. А ў школе некаторыя выкладчыкі беларускай мовы самі не могуць пратрымацца 45 хвілін у рэчышчы роднага слова. На адным з пленумаў праўлення Саюза пісьменнікаў РСФСР вядомы паэт МІкалай Дарызо сказаў: «Нас не можа не хваляваць праблема нацыянальных моў, без якіх няма ні мінулага, ні сучаснасці, ні будучыні ў кожнай культуры. Мы павінны ўсяляк садзейнічаць узмацненню магутнасні нацыянальных моў, пачынаючы са школьнай парты».

Таму трэба, каб у Оршы зноў адчыніліся беларускія школы, пазачыненыя пасля вайны. Каб былі ў нас беларускамоўныя дзіцячыя сады. Вядома, што вырашэнне гэтых пытанняў патрабуе шмат часу і намаганняў. Але не трэба забываць, што мы жывём на Беларусі. Што беларуская мова з’яўляецца мовай нашай нацыі. А беларуская культура можа існаваць толькі на беларускай мове.

Рабочы-будаўнік А.Сярожкін.

Нажмите на звезду, чтобы оценить материал!

Средняя оценка 0 / 5. Количество оценок: 0

Оценок пока нет. Поставьте оценку первым.

Так как вы нашли эту публикацию полезной...

Поделитесь статьей в соцсетях!

Добавить комментарий