Яшчэ адзін з прысвечаных езуіцкаму калегіуму кераімічных сувенірных медалёў змяшчае выяву параднага ўвахода-тамбура, двухпавярховага калегіума і аднапавярховай бурсы (школы).
Паводле гістарычнай даведкі, напісанай Анатолем Кулагіным і змешчанай на старонцы Інтэрнэт-рэсурса “Radzima.org.: Адметныя мясціны і помнікі на абшарах даўняга ВКЛ”, калегіум пачаў працаваць ў 1612 годзе. Ён спачатку меў статут няпоўнай ніжэйшай, а ў 1740—70 гг. вышэйшай навучальнай установы з няпоўным курсам філасофіі.
Ад 1618 г. тут працавала школа граматыкі, з 1623 г. — паэтыкі, з 1634 г. выкладалася рыторыка, з 1696 г. логіка, з 1724 г. філасофія. У 1634 г. адкрыты 2 бурсы: музычная і для шляхецкай моладзі са збяднелых сем’яў, меўся тэатр. Пры кляштары знаходзілася аптэка, былі батанічны і фруктовы сады. Езуітамі калегіума быў створаны «Аршанскі кодэкс». З высылкай езуітаў з тэрыторыі Расійскай імперыі аршанскія дамініканцы ў 1822 прынялі ад іх публічную школу ў калегіуме, ператвораную ў 1825 у свецкую. Але ў 1839 годзе манастырскі комплекс перайшоў ваеннаму ведамству, потым быў прыстасаваны пад гарадскую турму, якая існавала з 1842 года амаль да поўнага развалу Савецкага Саюзу, які стаў спадкаемцам Расійскай імперыі.
Аршанскія езуіты пакінулі памяць пра сябе не толькі ў Воршы, і не толькі на Аршаншчыне.
У 1610—11 гг. Жыгімонт падарыў аршанскім езуітам 210 валок зямлі з прыгоннымі сялянамі вёсак Цянкі, Князі, Крыніцы, Чарніца, Чабаданы, Чално, а таксама зямельныя надзелы ў горадзе для будаўніцтва касцёла, калегіума і ніжэйшых школ. У 1620 г. кароль Ян Сабескі пабудаваў для іх новы мураваны храм і падарыў уладанне Фашчаўка (тая Фашчаўка, дзе стаіць “фашчаўскі ёлуп”, згаданы ў Караткевіча).
У 1634 г. кароль Уладзіслаў IV падарыў калегіуму в. Дуброўна, а аршанскі пробашч Ян Франчкевіч — сваю юрыдыку ў Оршы. У 1712 г. ад рэчыцкага падчашніка да езуітаў перайшоў фальварак Мікуліна з 2 вёскамі, аршанскі староста Аляксандр Сапега ў 1742 г. надаў маёнтак Жалезнік. Валоданні калегіума павялічваліся і за кошт куплі: у 1623 г. за 6,5 тыс. злотых набыты фальварак Почап і маёнтак Пагост (той самы, да каторага можна было даехаць па чыгунцы да праз прыпынак Пагост, які цяпер завецца “Сонечны”). У падатковым рэестры Аршанскага павета за 1772 г. як уладанні аршанскіх езуітаў пазначаны маёнткі Гразівец, Гародня і Ламачын у ваколіцах Оршы.
Керамічны медаль “Езуіцкі калегіум. Орша. Anno 1690” выраблены прадпрымальнікам Міхасём Паўлавым паводле эскізу вядомага віцебскага гісторыка і краязнаўцы Ігара Цішкіна. Гэты, і іншыя керамічныя медалі з выявамі гістарычных і архітэктурных помнікаў Воршы можна набыць у краме “Талер”, у працоўныя дні з 9.00 да 19.00 , у суботу з 9.00 да 17.00; тэл./факс 8 -0216-338-266.
Нагадаем, што тамсама можна набыць керамічны мядаль “Аршанскі кляштар базыліянаў”, які выстаўлены на продаж ў рэчышчы дабрачыннай акцыі, абвешчанай яго стваральнікамі. Яны мяркуюць пералічыць частку сродкаў ад продажу медалёў на адмысловы рахунак, адкрыты з мэтаю збірання ахвяраванняў на рэстаўрацыю помніка архітэктуры 18 ст., жылога будынка кляштара базылянаў, які належыць цяпер прыходу Свята-Пакроўскай царквы Віцебскай епархіі БПЦ.