Да дня роднай мовы, які адзначаецца цяпер 21 лютага, прайшла сустрэча аршанцаў з беларускімі пісьменнікамі, выдаўцамі і літаратарамі.
Глыток свежага паветра, калі ахарактарызаваць сцісла гэтае мерапрыемства. Сустрэчу адкрыў вядомы беларускі выканаўца аўтарскай песні Зміцер Бартосік. Ён выканаў некалькі песень з перакладаў Барадуліна і на словы Ларысы Геніюш. Затым літаратар і перакладчык Лявон Баршчэўскі прадставіў грунтоўны том перакладу на нашу мову карэла-фінскага эпасу “Калевала”. Гэты фаліянт у белай супервокладцы асабліва ўразіў: 625 старонак, 22395 радкоў славутага эпасу, перакладзеныя з фінскай Якубам Лапаткай (рэдактар перакладу сам Баршчэўскі). І ўсяго 400 асобнікаў накладу!
Пераклад толькі летась выдадзены выдаўцом Змітром Коласам, які сам і ўзяў рэй сустрэчы. Ён не толькі выдавец, але і перакладчык. Асабліва ён знаёмы са скандынаўскай перакладной літаратурай; на адну толькі Данію прыпадае больш перакладаў, чым было перакладзена сусветнай літаратуры ва ўсім СССР, а маленькая Ісландыя дасць фору ў гэтым плане многім значна большым за яе краінам былога СССР. Нарэшце “Мумі Тролі” стаў 53 перакладам на беларускую мову пасля многіх іншых моў свету. Яшчэ адзін славуты пераклад, які быў выпушчаны ў свет З. Коласам у 2014 г., гэта кніга Юстэйна Гордэра “Сафіін Свет”, якая была перакладзена з нарвежскай.
І тут пачаўся сапраўдны вышэйшы клас! Лявон Баршчэўскі сам узяўся прадстаўляць новавыдадзены зборнік паэтаў Еўропы сваіх перакладаў з 35 моў. Тут жа пасыпаліся просьбы: а прачытайце з гэтай мовы, а прачытайце з той… Лявон чытае на кельцкай-ірландскай, і тут жа пераклад на беларускую! Чытае Майроніса на літоўскай, і яго ж пераклад, чытае на лацінскай Гая Валерыя Катула ягонае прысвячэнне паэтцы Сафо, і тут жа пераклад на беларускай. Проста нейкі атракцыён дзівосаў! А вось з украінскай ён прынцыпова перакладаць не стаў – потым самі гледачы былі згодныя, што ўкраінская нам самая блізкая з усіх славянскіх моў. Ён проста праспяваў вядомую песню “Два колеры” на мове арыгіналу, што выклікала проста захапленне. Затым літаратурны раўт пагражаў пераўтварыцца ў канцэрт – Баршчэўскі спяваў пераклад з Булата Акуджавы пад акампанемент Бартосіка. Затым гучала харвацкая паэзія Міраслава Крлежа – “Восеньскі спеў”, затым Ана Крэона на старагрэцкай. На пытанне сп. Лявон адказаў так: паэзію разумею з 30 моў.
Дух змаглі некалькі перавесці толькі з Уладзімерам Арловым. Ён адразу апусціў нас з нябёсаў на грэшную зямлю, загаварыўшы пра такія празаічныя рэчы, што ў дзень нашай мовы прыходзіцца гаварыць аб інспіраваным школай страшэнным яе заняпадзе. Напрыклад апошнім часам ён не раз, выступаючы ў школах перад вучнямі бачыў іхныя неўразумелыя вочы і збянтэжаныя твары – сённяшнія школьнікі ўжо не разумеюць беларускай мовы абсалютна. Яны пытаюцца ў яго: а што гэта такое – скарб? А на аўтазапраўках ім, як ехалі сюды, пастаянна замест кавы, даюць какаву. Доктар у адной з рэанімацый пытаецца ў ягонага знаёмага: а это вы после потери сознания заговорили вдруг по беларусски? Што ж, куды ўжо далей. З трэцяга выдання “Імёны Свабоды” зачытаў сваё прысвячэнне Караткевічу, з каторага асабліва ўрэзалася “Караткевіч вяртаў Радзіму. Каб Бог не паслаў Беларусі Караткевіча, то на адну краіну на свеце было б менш”. Затым прагучалі верш Арлова “Пасля тваіх званкоў” і балада “Паэтычны фэст у Друскеніках”, поўная гратэскнага гумару. Смех выклікала камічная сітуацыя з 20-гадовай перакладчыцай з Іспаніі Анхелай Эспіноса, якая прыехала да нас і пачала гаварыць па-беларуску з нашым мытнікам на мяжы. А ён не змог з іспанскай турысткай гаварыць на той мове, якой цудоўна валодала яна і ад якой уласна і дзяржава завецца беларускай…
Затым неяк гутарка неяк сама сабой зайшла пра беларускі гуманітарны ліцэй, які быў разгромлены сталічнымі чыноўнікамі і сілавікамі якраз 10 гадоў таму. Тут прыйшлося распавядаць ужо Ўладзімеру Коласу, нязменнаму дырэктару гэтага ліцэя. Са скрухай ціхім голасам ён гаварыў, як іх выкінулі з памяшкання за тое, што нібыта навучэнцы ліцэя на вуліцы з мацюкамі кідаюцца да паставых міліцыянтаў. Бацькі і вучні ў той патавай сітуацыі не захацелі тады проста разыходзіцца, і цяпер ліцэй ёсць, ён існуе тут, але нібыта яго і няма насамрэч. Вось так.
Напрыканцы наогул загаварылі аб моўнай сітуацыі вакол і ў нас. Госці прыгадалі некалькі знакавых цытат. Пётр Парашэнка: Расія сканчаецца там, дзе сканчаецца расійская мова. Уінстан Чэрчылль: лепш за войска межы дзяржавы ахоўвае мова.