Керамічны медаль: “Пагоня на Грунвальд. Аршанская харугва. 1410” адлюстроўвае факт удзелу аршанцаў ў славутай Грунвальдскай бітве ў складзе асобнай харугвы. Харугваю называлася вайсковае злучэнне, таксама як і адмысловы сцяг з адлюстраваным на ім старажытным гербам “Пагоня”.
“У 1410 годзе пад Грунвальдам менавіта Аршанская харугва разам са смаленцамі і мсціслаўцамі прыняла на сябе найстрашнейшы ўдар Тэўтонскага ордэна і загінула амаль дарэшты” – напісаў наш зямляк Павел Севярынец у сваёй “Містычнай мапе Воршы”.
Класічнымі ў беларускай гісторыяграфіі лічацца творы Анатоля Грыцкевіча, прысвечаныя Грунвальдскай бітве. У адным з артыкулаў ён цытуе польскага гісторыка Яна Длугаша пра склад харугваў войска Вялікага Княства Літоўскага і пра іх сцягі: “Амаль кожная з іх мела ў гербе на чырвоным полі ўзброенага мужа, які сядзіць на белым, некалькі на чорным альбо рудым ці стракатым кані, і патрасае руку з мечам”.
Керамічны медаль :“Пагоня на Грунвальд. Аршанская харугва. 1410” выраблены прадпрымальнікам Міхасём Паўлавым паводле эскізу вядомага віцебскага гісторыка і краязнаўцы Ігара Цішкіна. Гэты, а таксама іншыя керамічныя медалі з выявамі гістарычных і архітэктурных помнікаў Воршы можна набыць у краме “Талер”, у працоўныя дні з 9.00 да 19.00 , у суботу з 9.00 да 17.00; тэл./факс 8 -0216-338-266.
Варта нагадаць, што сярод іншых там прадаецца керамічны мядаль “Аршанскі кляштар базыліянаў”, які выстаўлены на продаж ў рэчышчы дабрачыннай акцыі, абвешчанай яго стваральнікамі. Яны мяркуюць пералічыць частку сродкаў ад продажу медалёў на адмысловы рахунак, адкрыты з мэтаю збірання ахвяраванняў на рэстаўрацыю аднаго з рэдкіх помнікаў “беларускага барока”, якому ўдалося захавацца — жылога будынка Аршанскага кляштара базылянаў, які належыць цяпер прыходу Свята-Пакроўскай царквы Віцебскай епархіі БПЦ.