Алесь Чаркашын. “Не здавайся!” © Малады Фронт 2015

Новости культуры
0
(0)

IMGЧаркашынПрызнаюся: не часта прыходзіцца судакранацца з такой містычнай рэччу. Стаў слухаць, і адразу прыцягнула ўвагу нейкая асабліва адкрытая, кранальная спавядальнасць загалоўнай песні дыска.

Потым стаў чытаць анатацыю. І чым больш слухаў гэты дыск, тым больш не мог пазбыцца адчування містычнасці. І саміх запісаў, і ўсяго таго, што ўведаў пра новага для мяне выканаўцу аўтарскай песні Алеся Чаркашына. На жаль, ён ужо не напіша ніводнага слова, не возьме ніводнае ноты на гітары; згодна анатацыі, Алесь Чаркашын адыйшоў у вечнасць 28 верасня 2015 года ў шпіталі Запарожжа пасля цяжкага ранення 10 верасня ў баі пад Белай Камянкай, што ў Данецкай вобласці Украіны. Пражыўшы ў гэтым свеце роўна 33 гады. Такое там цяпер замірэнне. Нарадзіўся і жыў Алесь ў Бярэсці, прайшоў школу “Краю”, “Зубра”, узначальваў рэгіянальную філію БХД, з 2008 г. навучаўся ў Херсонскім хрысціянскім інстытуце. Пасля навучання з 2015 г. быў у зоне АТА медыкам і капеланам у складзе аднаго з добраахвотніцкіх фармаванняў – вось такія вехі кароткага жыцця гэтага сімпатычнага беларускага хлопца.

На дыску 5 песень, загалоўная “Не здавайся!” ў двух варыянтах – акустычна-гітарным і “электрычным”. Такія выданні звычайна ў выдавецкай практыцы прынята адносіць да г. зв. ЕР (extended play). Нейкая ненавязлівая, але цвёрдая наканаванасць адчуваецца тут літаральна ва ўсім: і ў мяккай выканальніцкай манеры Чаркашына, і нават у такой гімнападобнай песні, як “Моладзі” на словы Ларысы Геніюш (“Нашы сэрцы гімн родны зайграюць”). На пласцінцы такіх дзве; другая “Ніхто не баіцца” пачынаецца так: Між белых камлёў захісталася смерць./Яна за аддзелам начамі качуе”. А канчаецца – “Калі назначана жыць нам, / Так будзем жа жыць, / А калі прыйдзецца, / Так давайце за шчасце Радзімы… Патрыятычная паэзія Геніюш па-за абмеркаваннем. Не будзем тут абмяркоўваць і праблему правамоцнасці аднясення да жанру аўтарскай песні твораў на неаўтарскія словы (на мой погляд, іх варта вылучаць у нейкі асобны “падкастынг” аўтарскай песні). Але як трапна вершы нашай знакамітай паэткі, напісаныя паўстагоддзя таму, ляглі ў тое самае месца і ў той самы час! У выкананні Алеся яны загучалі з абсалютна іншымі інтанацыямі, і набылі іншае сэнсавае напаўненне.

З гэтага містычнага настрою выразна выпадае толькі адна песня аўтарства самога Чаркашына – “Пески”. І справа нават не ў тым, што яна адзіная з усіх на расійскай мове; асноўны кантынгент байцоў украінскіх добраахвотніцкіх войскаў у зоне АТА якраз з усходу Украіны, і кантынгент гэты пераважна расійскамоўны. Паводле настрою, пачуццяў, рытмічнага ладу яна з шэрагу новага ваеннага фальклору савецкага часу, які пачаў фармавацца яшчэ ў час “афганскай” вайны і нават раней. І сэнсавыя маркеры тут з гэтай жа палітры постсавецкага светаўспрымання: Этот месяц в Песках без приказа “вперед!” / Мы сидим словно псы на цепи. Пeскі – гэта пасёлак блізу данецкага аэрапорта, месца адных з найбольш цяжкіх баёў у зоне АТА. І па ўсім напісана песня гэтая была першай, на свежых франтавых уражаннях: И обычные будни, непростые бои, / И ненужные жертвы этой странной войны. Не адразу пачынаеш разумець той ваенны слэнг, з другога-трэцяга разу толькі пачынаеш цяміць, што “утёс”, “буратино”, ИВУ, “джазбэнд” – гэта ўсё назвы нейкай канкрэтнай зброі, вайсковага рыштунку ці нечыя пазыўныя па радыёсувязі: Буратино” нам шлет свой русский привет, / А “джазбэнд” заряжает в ответ. Ёсць і адрозненні часу і месца: Это наша земля, а значит наша война, / И никуда мы от неё не уйдем, / В наших сердцах остаются друзья, / Так что Крым и Донецк мы вернем. Але пры ўсім пры тым тут ніякіх жанравых адкрыццяў няма, звычайная франтавая песенька, якіх ужо дзясяткі, калі не сотні. Не горш і не лепш.

Зусім іншай пароды “Не здавайся!” Здавалася б, тыя ж фарбы, тая ж тэма, той жа франтавы антураж: Не баюся “градаў” ноччу, / Не страшуся кулі ўдзень, / Кулямёт калі стракоча, / Калі смяецца смерці цень. Абсалютна іншы, павольны тэмп, абсалютна іншая інтанацыя. Іншае асэнсаванне вайны і свайго месца на гэтай “странной” вайне. Ніякага “мы”, ніякіх сяброў. Мудрае асэнсаванне адзіноты кожнага не толькі на гэтай вайне, але і проста ў жыцці. Незвычайна моцная, але нейкая дзіўная, таямнічая аўра песні адразу захоплівае і не адпускае нават тады, калі заціхае апошні гук. І прыпеў, які ў святле таго, што сталася з аўтарам, гучыць апошнім ягоным запаветам: Не здавайся! Не здавайся! / Я з табою, ты не адзін. / Не здавайся! Не здавайся! / Бог з табою, ты не адзін. І голас Чаркашына. Такі голас, такія нюансы немагчыма ні з’імітаваць, ні падрабіць. І такі трагічна-празорчы фінал гэтай песні: Таму што ведаю дакладна / Дзеля чаго я тут стаю, / За зямельку недарэмна / Сваё жыццё я аддаю.

Містыка. Якая, як мне здаецца, мае сваё тлумачэнне. Калі занадта часта гаворыш пра смерць у песях, то яны набываюць ужо сакральна-абрадавы пасыл. А гэта ўжо рэальна і сур’ёзна. Гэтаму нямала ўжо пацвярджэнняў. Таму мая парада да ўсіх сапраўдных творцаў, чым бы яны не займаліся: сябры, не прасіце ў неба такія рэчы. Бо яно пачуе. Можа некалькі пафасна, але шчыра.

К. ЮРСКІ-МЕЗАЗОЙСКІ

Нажмите на звезду, чтобы оценить материал!

Средняя оценка 0 / 5. Количество оценок: 0

Оценок пока нет. Поставьте оценку первым.

Так как вы нашли эту публикацию полезной...

Поделитесь статьей в соцсетях!

Добавить комментарий