Ідэя трансляваць вершы знакамітага аршанца для пасажыраў грамадскага транспарту належыць супрацоўнікам музея Уладзіміра Караткевіча.
«Калі Тыдзень памяці Уладзіміра Караткевіча праводзіўся летась, мы перадавалі ў гарадскі аўтапарк раздрукаваныя вершы, каб іх размясьцілі ў салонах аўтобусаў – на месцах, прызначаных для рэкламы і аб’яваў. Сёлета мы зрабілі і гэта таксама, і пайшлі далей: перадалі ў аўтапарк аўдыёзапісы з аўдыёкнігі «Быў.Ёсьць.Буду», выдадзенай колькі год таму выдавецтвам «Мастацкая літаратура». Так што пасажыры аршанскіх аўтобусаў маюць магчымасць паслухаць вершы Караткевіча ў выкананні прафесыйных чытальнікаў, а таксама адзін верш, які чытае сам аўтар. Апрача гэтага, у аўтобусах можна паслухаць і песні на вершы Уладзіміра Караткевіча ў выкананні беларускіх бардаў, напрыклад, Алеся Камоцкага», — гаворыць Вольга Пашковіч, супрацоўніца музэя Уладзіміра Караткевіча.
В.Пашковіч падкрэсліла, што гарадскі аўтапарк спрыяе ўшанаванню памяці пісменьніка-земляка абсалютна бясплатна: не просіць грошай за гукавую трансляцыю і за размяшчэнне друкаваных матэрыялаў як за рэкламу.
26 лістапада, у дзень народзінаў Уладзімера Караткевіча, у 11.00 пройдзе традыцыйнае ўскладанне кветак да помніка пісьменніку, усталяванага ў парку на ўзбярэжжы Дняпра, тут пройдуць і традыцыйныя літаратурныя чытаньні «І не знікаць паэтам вечна!» з удзелам літаратараў, бібліятэчных і музэйных работнікаў, творчай інтэлігенцыі і школьнікаў. Да канца гэтага тыдня будуць арганізаваны і іншыя імпрэзы — сустрэча з паэтам Анатолем Прохаравым, аўтарам вершаў для дзяцей, пройдзе літаратурна-музычная гасьцёўня «Ты ёсць … Ты будзеш …» з удзелам літаратараў аршанскага рэгіёну, адбудзецца музычны вечар «Чароўная кветка народнай душы «з удзелам камернага жаночага хору» Глорыя «дзіцячай школы мастацтваў №1. На працягу ўсяго тыдня для школьнікаў арганізаваны экскурсіі па месцінах, звязаных з біяграфіяй Караткевіча, а ў эфіры аршанскага радыё гучаць адмысловыя літаратурныя перадачы, прысьвечаныя знакамітаму пісьменьніку-аршанцу.

