Слова “кватэрнік” нарадзілася ў СССР у часы забароны ўсяго, што выпадала з савецкай сістэмы культмасавай палітыкі.
Падобна на тое, што кватэрнікі (канцэрты ў нечыёй прыватнай кватэры) набываюць усё большы рэнесанс. Сёння, калі дзяржава, з аднаго боку, патрабуе за ўсё браць грошы, а з другога – дыктуе драконаўскую палітыку савецкага часу праз сваю ідэалагічную службу, кватэрнікі становяцца той адтулінай, праз якую можна толькі і дыхнуць свежым паветрам. Самае цікавае, што кватэрнікі з горада перамяшчаюцца за яго межы. У Пашыне летась гралі “NRM”. Цяпер Пашынскі сейшн – назавем яго так – прайшоў 16 красавіка на файным і гасцінным лецішчы “Hippi house” на беразе Дняпра.
Першай грала менская каманда “Очень”: Саша Каўзановіч (барабаны), Яўген Івашкевіч (перкусія), Тарас Апарык (бас), Дзіма Камлюк (гітара) і Таня Малашэвіч (вакал і акардэон). Барышня з акардэонам яшчэ б якіх гадоў 20 таму стала б адзнакай затхлай старызны і выклікала б саркастычныя ўсмешкі, а сёння – новая фішка цяперашняга рок-н-ролу. Фронтменша трымаецца нармальна, акардэонам валодае, але некалькі скавана. Песня гоніцца за песняй, без перапынкаў і нейкіх кантактаў са слухачамі. Гэта і зразумела: гурт зусім малады, граюць 3 гады, склад часта мяняецца, у гэтым складзе граюць толькі тры месяцы. Параіў ім больш размаўляць на сцэне, а то нават назвы песні не даведаешся.
Хацелася б паслухаць больш пра што спяваюць, але гукам кіраваў небезвядомы ў нас спадар Мухін, таму якасць гуку нават на мінімуму апаратуры была не зусім дасканалай. Якасць жа музыкі “Очень” асобай цікавасці не выклікала – стандартны гітарны рок з акардэонам. Хацелася б большай прадуманасці аранжыравання кампазіцый, менш стандарту, але яны, здаецца, не асабліва прыслухаліся да парадаў. Ну то іхная справа. Такіх каманд у нас дзясяткі, а ў “Очень” ёсць сякія-такія задаткі каб стаць прыкментнымі на рок-сцэне. Замінае стандартнасць і тое, што аўтар ўсіх песень – адзін гітарыст гурта Дзіма Камлюк. Астатнія нібыта і ніпрычым. І гэта адчуваецца.
Народ між тым адцягваўся хто півам, а хто і нечым больш сур’ёзным. Тым часам стаў граць магілеўскі гурт “Сердце Дурака”. Яны якраз прывезлі толькі што выпушчаны першы свой альбом “Любовь и война”. Яны – гэта Аляксандр Балбераў (гітара), Цімафей Яравікоў (вакал), Зміцер Танко (бас) і барабаншчык Аляксей Палаўчэня. Апошні безумоўны ўмелец барабаннай скуры, аказваецца, граў у цікавым гурце “Осіміра”, на жаль, сёння ужо неактуальным. Актуальнае ж “Сердце дурака” не такое ўжо і цікавае. Граюць не першы год, усё зладжана, чысценька, у меру драйвова.
Надоечы іхная песня “Пропасть” намалявалася на радыё “Сталіца” у раздзеле “Слухай сваё” і была там заўважана. Але ўсё зроблена паводле канонаў рускага року, і з гэтага канону ні ў права, ні ў лева. Адчуваецца ўвага да слова, і гэта плюс. А мінус – можна просценька згубіцца сярод “чайфаў” і “спліноў”, на каторых яны і арыентуюцца. Хаця гітарны кофр Цімафея Яравікова мне спадабаўся.