
Прайшло ўжо два месяцы з 30 красавіка – дня, якім быў датаваны ліст ад кіраўніка Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, якой належыць гістарычны будынак. Аднак аніякіх прыкметаў таго, што ўласнікі робяць хоць нешта, каб перадухіліць далейшае разбурэнне помніка, так і не заўважаецца.
«Прайшло ўжо мінімум тры месяцы з пачатку будаўнічага сезону, які ў гэтым годзе характарызуецца надзвычай спрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. І застаецца не болей чатырох месяцаў да той пары, калі наш клімат зробіць немагчымымі любыя будаўнічыя працы. Такім чынам, паступова памяншаецца верагоднасць таго, што будынак нарэшце будзе накрыты дахам, і ягонае паступовае і няўхільнае разбурэнне спыніцца», — гаворыцца ў лісце да прадстаяцеля БПЦ, Мітрапаліта Паўла.
Аўтары ліста падкрэсліваюць, што з 2009 года прадстаўнікі аршанскай грамадскасці звярталіся ў розныя інстанцыі з нагоды пагрозы для існавання гэтага помніка. З таго часу прайшло амаль 6 гадоў, і цяперашні стан помніка можна назваць катастрафічным, бо ўжо больш за 10 гадоў ён стаіць без даху, і драўляныя перакрыцці гніюць з-за пастаяннага ўздзеяння вільгаці. З гэтай самай прычыны разбураецца і цэгла, з якой пабудаваны помнік. І хаця прадстаўнікі Віцебскай епархіі ў сваім лісце сцвярджалі, што ўсе аконныя праёмы забітыя дошкамі, частка з іх дагэтуль зеўрае скразнымі вялікімі дзіркамі. Праз гэтыя дзіркі можна добра разгледзець, што на другім паверсе будынка ўжо падняўся невысокі пакуль бярозавы лясок. Гэта значыць, што цяпер разбурэнне перакрыццяў адбываецца яшчэ і з дапамогаю карнявой сістэмы гэтых дрэваў.
«У сакавіку 2014 года мы атрымалі ліст ад “ответственных за возрождение Свято-Покровского монастыря г. Орши игумении Анфисы (Любчак) и монахини Даниилы (Тятьковай)”, — паведамляецца ў лісце да Мітрапаліта Паўла, Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі. — У гэтым лісце было абяцанне пасля атрымання дазволу Міністэрства культуры распачаць рэстаўрацыйныя працы ў красавіку 2014 года. Але прайшоў красавік, і 2014 год цалкам, прайшоў і красавік 2015 года, а працы так і не пачаліся».
Нямаведама куды пайшлі сродкі, ахвяраваныя на рэстаўрацыйныя мэты неабыякавымі грамадзянамі, аднак у двары помніка архітэктуры з’явіўся новы дыхтоўны будынак, нібыта прызначаны для захавання будматэрыялаў. Пра ўсё гэта неабыякавыя аршанцы інфармавалі Архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя, але на першы ліст адказу не атрымалі ўвогуле. І толькі на другі ліст, пасля паралельнага паведамлення ў СМІ пра другую спробу звароту да кіраўніка Епархіі, быў атрыманы адказ. Ён «на дзве траціны складаўся з пераказу агульнавядомых звестак пра гістарычнае мінулае помніка, добра вядомае аршанскім краязнаўцам. Апошняя траціна ліста ўтрымлівала падрабязны аповяд пра тое, куды і як звярталася Віцебская епархія дзеля абследавання будынка. І ні слова не было сказана ў лісце пра пачатак рэстаўрацыі — толькі звесткі пра тое, што “проектно-сметная документация…готова на 85%” і што “изысканы средства для её оплаты”.









