Зінаіда Мажэйка, знаная даследніца традыцыйнай музычнай культуры, аўтарка кніг і кінафільмаў пра песенныя скарбы Беларусі, доктар навук, развіталася з жыццем. Яна пражыла 81 год і пасля цяжкай хваробы памерла ў мінскай лякарні. 8 сакавіка Зінаіда Мажэйка пайшла ад нас.
Яна нарадзілася 12 сьнежня 1933 году ў Воршы. Народная спеўная культура, што захапіла яшчэ з дзяцінства, прывяла яе ў Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю, а пасля — у Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Нацыянальнай акадэміі навук. Прафэсар Беларускага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Энгельс Дарашэвіч, сябра маладосці, успамінае:
«Зінаіда Якаўлеўна была сапраўдным навукоўцам, сапраўдным патрыётам Беларусі. Такіх людзей мала было. Яна з самага дзяцінства хадзіла па вёсках, і яна вельмі добра ведала народ, як гаворыцца, з першых рук. І, канечне, яе творы вельмі грунтоўныя, пачынаючы з першага — пра песенную культуру сяла Тонеж. Гэта выключная кніга, глыбокая. Яна вельмі глыбока ведала аўтэнтычны фальклёр».
«Песенная культура Беларускага Палесся», «Песні беларускага Паазер’я», «Каляндарна-песенная культура Беларусі: Вопыт сыстэмна-тыпалагічнага даследавання», «Вяселле: Мелодыі» — творы, якія ведаюць не толькі ў Беларусі.
Беларуская культура ўдзячна Зінаідзе Мажэйка за падрыхтаваныя ею грампласцінкі з музычным фальклёрам і фільмы паводле яе сцэнараў. І застануцца загадкі яе жыцьця і навуковых адкрыццяў, — успамінае прафэсар Беларускай акадэміі музыкі Вольга Дадзіёмава.
«Для мяне гэта было абсалютна незразумела і нават таямніча — як можа вучоны з сусветным імем спалучаць вось такое бачанне свету, дзіцячае абсалютна. І, магчыма, вось гэтая душэўная чысціня і шчодрасць дазваляла ёй сказаць і новае слова ў навуцы таксама. Яна ж мела справу з сялянамі, носьбітамі той традыцыі, якая ўжо адыходзіць у нябыт. І кантактаваць з імі на роўных магла толькі асоба, якая мела тое ж самае святло, тыя ж самыя промні ў душы, якія маюць вось гэтыя святыя людзі. І, магчыма, менавіта таму ёй удалося запісаць лепшых беларускіх музыкаў. Яна, ведаеце, нават здзяйсняла своеасаблівы дабравест — яна несла добрую вестку пра інтэлектуальную Беларусь у сусветную навуку».
Развітанне з нашай таленавітай зямлячкай прайшло 12 сакавіка. Пахаваюць Зінаіду Мажэйка ў мястэчку Рудзенск, паведамляе Радые Свабода.