17 верасня гг. у Горках адзначылі 10-годдзе адраджэння каталіцкай супольнасці. На ўрачыстасць прыбыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас літургіі іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі некаторым вернікам парафіі, паведаміў catholic.by.
Горкі — горад на ўсходзе Беларусі. Католікі там складаюць меншасць. На нядзельныя Імшы ў мясцовую парафію Маці Божай Бялыніцкай прыходзяць каля 20-25 чалавек. Аднак парафія жыве і жыццё ў ёй віруе, хоць, можа, не так імкліва, як у вялікіх гарадах. Тут выпускаецца парафіяльны бюлетэнь «Эмаус», у парафіі ёсць свой сайт. Для гэтай супольнасці кожная падзея — ці то візіт біскупа, ці то пастырская сустрэча святароў, ці то канцэрт каталіцкага гурта, ці то набыццё аргана — годная быць упісанай у гісторыю парафіі.
Сучасная гісторыя мясцовай каталіцкай супольнасці распачалася дзесяць гадоў таму.
14 лістапада 2006 года біскуп Антоні Дзям’янка, у той час Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, падпісаў дэкрэт аб утварэнні ў Горках парафіі Маці Божай Бялыніцкай. Аднак зарэгістраваць парафію ўдалося толькі ў маі 2007 года. Першым месцам малітвы быў прыватны дом у Горках. Потым доўгі час супольнасць збіралася на набажэнствы ў парафіяльным доме. І толькі праз восем гадоў пасля рэгістрацыі парафіі ў Горках з’явілася капліца (быў набыты зямельны надзел з будынкам, які і перабудавалі пад капліцу). У верасні 2015 г. яе асвяціў біскуп вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB.
І вось 17 верасня гг. у Горках адзначаюць 10-годдзе адраджэння каталіцкай супольнасці. На ўрачыстасць прыбыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас літургіі іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі некаторым вернікам парафіі.
Падчас урачыстай літургіі прагучала песня да Маці Божай Бялыніцкай 1761 года, якую кс. Андрэй Кеўліч, пробашч парафіі ў Горках, адшукаў у дакументах да каранацыі абраза Маці Божай у Бялынічах. Словы песні былі перакладзены з польскай мовы на беларускую. Адаптацыю беларускага тэкста зрабіла Марыя Новікава, арганістка мінскага касцёла свв. Сымона і Алены.

