Гульня на ўзор «Схваткі» адбудзецца 28 чэрвеня пад назвай «Слава Воршы ўжо не горша». Удзельнікі – а гэта некалькі каманд- супернікаў – будуць перасоўвацца на роварах.
Класічная Схватка — гульня аўтамабільная і начная. Нядаўна быў створаны новы фармат гульні — роварны. Цяпер многа залежыць ад моцы і трываласці ўдзельнікаў. Таксама час гульні змяніўся і яна праходзіць удзень дзеля бяспекі ўдзельнікаў, паведамляе «Наша Ніва» у інтэрв’ю з арганізатарам гульні Яраславам Ліхачэўскім.
Паводле Яраслава Ліхачэўскага, і раней у Мінску праводзіліся гульні «Схваткі», дзе частка заданняў было па-беларуску. Але цалкам беларускамоўная гульня не ладзілася ніколі. Тэматыка гульні — Бітва пад Оршай – вымагае якраз гэтага: усе агенты — людзі, з якімі будуць кантактаваць удзельнікі для праходжання квэстаў — будуць размаўляць па-беларуску. «Умоўны вораг у нашай гульні — Маскоўскае княства, таму на час «Схваткі» расійская мова будзе не ў пашане», — кажа Я. Ліхачэўскі.
Паводле сцэнара, кожны капітан каманды — ліцвінскі шляхціч XVI стагоддзя, ён атрымлівае ліст ад вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага, што на нашыя землі напала маскоўскае войска і захапіла Смаленск, Дуброўну, Крычаў і Мсціслаўль. Таму трэба хутка сабраць паспалітае рушэнне і выступіць насустрач. У прызначаны час каманды збіраюцца ў пэўным месцы і рушаць на бітву. На шляху ім давядзецца выканаць пэўныя заданні.Усё закончыцца самой бітвай, пасля якой адбудзецца пір са старажытнымі беларускімі стравамі і віншаванне пераможцаў.
Арганізатары рэгіструюць каманды на ўдзел у гульні. Кожная каманда — з трох чалавек на роварах. Тры чалавекі — гэта і максімум, і аптымальная колькасць гульцоў. Можна, вядома, гуляць і аднаму ці ўдваіх, але такой камандзе будзе цяжкавата. Таксама спатрэбіцца тэлефон з выхадам у інтэрнэт, бо асноўная камунікацыя адбываецца ў інтэрнэце. Гульня можна праходзіць некалькі гадзін, таму варта паклапаціцца пра запасны акумулятар.Не лішнім будзе ліхтарык і нататнік з асадкай. Да ўдзелу ў гульні дапускаюцца толькі асобы, што дасягнулі паўналетняга ўзросту.
Іншыя падрабязнасці, а таксама магчымасць падаць заяўку на ўдзел — на сайце гульні. Там жа можна знайсці кантакты арганізатараў і звязацца з імі.