Імпрэза адбылася 25 ліпеня ў віцебскім “Еўрапейскім клубе”.
Перад прысутнымі выступіў мастак, сябра Беларускага саюза мастакоў,
ураджэнец Оршы, намеснік старшыні аргкамітэту Мікола Купава, як распавёў пра гістарычную бітву і яе адлюстраванне на знакамітай карціне невядомага мастака «Бітва пад Оршай», якая захоўваецца ў Варшаўскім мастацкім музеі. Копію карціны можна ўбачыць у аршанскім касцёле святога Язэпа.
Разам з палітолагам і грамадскім дзеячом Аляксандрам Жучковым спадар Купава падзяліўся ўласнымі культуралагічнымі доследамі пра гісторыю стварэння карціны, а таксама расказалі пра праграму святкавання 500-гадовага юбілею бітвы, якая адбылася 8 верасня 1514 года паміж 30-тысячным войскам ВКЛ пад камандаваннем Канстанціна Астрожскага і 80-тысячным войскам Маскоўскага княства. Бітва скончылася бліскучай перамогай войска ВКЛ, якая мела вялікае гістарычнае значэнне для тагачаснай Еўропы.
Сустрэчы завяршыў выступ Андрэя Мельнікава, паэта і барда, аднаго з пачынальнікаў бардаўскага фэсту, які праводзіцца ў памяць пра ўдзельнікаў Аршанскай бітвы ў першыя выходныя верасня ў Аршанскім раёне.
24 ліпеня падобная сустрэча з удзельнікамі аргкамітэту па святкаванні 500-годдзя Аршанскай бітвы прайшла ў Наваполацку.