У Дуброўна адрадзіўся касцёл

Новости общества
0
(0)

Падзея адбылася 26 красавіка падчас дыяцэзіяльнай сустрэчы святараў і кансэкраваных асоб з біскупам Алегам Буткевічам, піша catholicnews.by.

Доўгі час католікі Дуброўна не мелі магчымасці не толькі маліцца ў сваім касцёле, але нават не маглі сабрацца разам, каб правесці святую Імшу.

Адраджэнне парафіі пачалося на пачатку ХХІ стагоддзя. Спачатку вернікі збіраліся на малітву ў прыватных дамах ці кватэрах, а потым было вырашана пабудаваць свой храм. Цяперашні пробашч парафіі ксёндз Уладзімір Шымковіч выказвае ўдзячнасць сваім папярэднікам, якія тут працавалі. Ён прыняў парафію пяць гадоў таму, калі на месцы будоўлі быў заліты падмурак. І вось за два гады ў Дуброўне паўстаў прыгожы храм.

Вядома, што ў Пінску значна большы касцёл пабудавалі за пяць месяцаў, але тут такое параўнанне не падыходзіць. Калі ў Пінску больш за дваццаць тысяч католікаў, то ў Дуброўне на нядзельную Імшу прыходзіць звычайна дванаццаць чалавек. І калі на захадзе нашай краіны некаторыя касцёлы не былі зачыненыя нават у часы ваяўнічага атэізму, то на ўсходзе доўгі час не было ні аднаго(!) дзеючага храма. Таму будаўніцтва касцёла Маці Божай Фацімскай без перабольшвання можна назваць духоўным подзвігам, які здзейснілі вернікі разам са сваім пробашчам.

касцёл 1

Пробашч парафіі выказаў удзячнасць мясцовым уладам, прадстаўнікі якіх не толькі прыйшлі на ўрачыстасць, але і актыўна дапамагалі ў будаўніцтве храма. Прыемна было і тое, што біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча раённыя ўлады ўрачыста сустрэлі на мяжы Аршанскага і Дубровенскага раёнаў.

касцёл 2

Хацелася б адзначыць, што на ўрачыстасць прыйшлі не толькі католікі, але і праваслаўныя вернікі, якія вельмі прыхільна паставіліся да гэтай падзеі.

Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Ён акрапіў вернікаў і сцены храма святой вадой, а таксама атрымаў з рук вернікаў сімвалічны ключ ад касцёла.

касцёл 3

Падчас урачыстай Імшы іерарх удзяліў сакрамант канфірмацыі, або хрысціянскай сталасці, траім вернікам.

касцёл 4

У сваім слове да святароў і вернікаў кіраўнік дыяцэзіі адзначыў, што каталіцкая супольнасць паўстала ў Дуброўне не на пустым месцы. Раней тут быў касцёл і кляштар бернардынцаў. Ад будынкаў храма ўжо нічога не засталося, але карані веры на гэтай зямлі засталіся. Біскуп параўнаў касцёл на ўсходзе з дрэвам. Нават калі зрэзаць крону, то з каранёў, якія знаходзяцца глыбока ў зямлі, дрэва можа аднавіцца. Так і зараз, тыя невялікія каталіцкія супольнасці – гэта як першыя парасткі, якія пры спрыяльных умовах могуць ператварыцца ў магутнае дрэва.

Напрыканцы біскуп падзякаваў ксяндзу Уладзіміру Шымковічу за завяршэнне будаўніцтва касцёла. Пробашч, у сваю чаргу выказаў падзяку кіраўніку дыяцэзію за падтрымку, мясцовым уладам і арганізацыям, якія актыўна дапамагалі ў будаўніцтве храма, сваім парафіянам за духоўную і матэрыяльную падтрымку. Цёплыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас інжынера-будаўніка Пятра Крывашэева, які кіраваў гэтай будоўляй і прысутнічаў на гэтай урачыстасці. Таксама ксёндз Уладзімір выказаў словы падзякі сваім папярэднікам, якія тут працавалі, у прыватнасці, ксяндзу Андрэю Драгуну, які пачынаў гэта будаўніцтва.

касцёл 5

Каля храма яшчэ шмат працы, трэба добраўпарадкаваць тэрыторыю, паставіць прыгожы плот. Але ёсць упэўненасць, што вернікі Дуброўна разам са сваім пробашчам з гэтай працай паспяхова справяцца. І да часу, калі адбудзецца ўрачыстая кансэкрацыя храма, касцёл будзе выглядаць дастойна, як і належыць каталіцкай святыні.

 

Нажмите на звезду, чтобы оценить материал!

Средняя оценка 0 / 5. Количество оценок: 0

Оценок пока нет. Поставьте оценку первым.

Так как вы нашли эту публикацию полезной...

Поделитесь статьей в соцсетях!

Добавить комментарий