Ён будзе замінаць будаўніцтву новага Паўночнага маста, якое закране вуліцу Чэхава, на рагу якой стаіць помнік.
Адказваючы на пытанне чытача газеты «Віцьбічы», пра перанос адразу двух культурніцкіх аб’ектаў распавёў Віталь Дубік, галоўны архітэктар Віцебска.
Паводле ягоных словаў, помнік Уладзіміру Караткевічу (аўтар І.Казак) будзе дэмантаваны і перанесены ў іншае месца — глыбей у сквер імя 70-годдзя Віцебскай вобласці, які пачынаецца ад плошчы Леніна і ідзе да ўзбярэжжа Дзьвіны. Як кажа спадар Дубік, недзе на гэтай самай «восі, якая пралягае ад будынка філармоніі да Дзьвіны», знойдзецца месца і перанесенаму помніку, і новаму Сафійскаму сабору, які плануюць узвесці ў Віцебску. Тут жа знаходзіцца і памятны камень з шыльдай, дзе напісана пра ўгодкі ўтварэння Віцебскай вобласці, і абласная дошка гонару.
Паводле галоўнага віцебскага архітэктара, будзе перанесены і будынак, у якім месціцца музэй Міная Шмырова, помнік архітэктуры пачатку 20 стагоддзя. Яго таксама перасунуць і адновяць «недзе на тэрыторыі скверу».
Перанос помніка Уладзіміру Караткевічу з прычыны «перспэктыўнага развіцця горада» добра памятаюць аршанцы. Помнік, зроблены скульптарам Ігарам Голубевым, пераносілі і ў Оршы — напярэдадні «Дажынак-2008». Бо якраз на гэтым месцы было вырашана збудаваць прыбіральню ў рэканструяваным Прыдняпроўскім парку. Пасля рэканструкцыі парк стаў называцца дзіцячым. І помнік пісьменніку-земляку «перасялілі» у атачэнне «мульцяшных» пэрсанажаў – кракадзіла Гены, Чабурашкі, Нязнайкі ды іншых, усталяваўшы паміж гушкалак, арэляў ды іншых забавак…
Ніякіх грамадзкіх абмеркаванняў наконт пераносу помнікаў ні тады ў Оршы, ні цяпер у Віцебску не праводзілася.