Паводле Вялікай савецкай энцыклапедыі, гэты колішні народны звычай ужо страчаны. Але ўдзельнікі Студэнцкага Этнаграфічнага Таварыства «Поўнач» вырашылі аднавіць добрую справу.
Уласна, усё пачалося з вывучэння этнаграфіі і побыту беларусаў. Нашы продкі, працуючы старанна і шмат, не забывалі і пра адпачынак: доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі яны любілі бавіць час разам. Збіраліся ў адной з вясковых хатаў, нехта з дзяўчат браў з сабой вязанне ці вышыванне, аднак за працай доўга ніхто не заседжваўся. Бо на вячорках усё-ткі пераважна спявалі, танчылі, гулялі ў розныя гульні.
«Мы таксама сабраліся спачатку за агульнай працай, — гаворыць Станіслава Цярэнцьева, ініцыятарка праекту «Шыем строй разам». – Вырашылі пашыць сабе народныя строі. А потым згадаліся і вячоркі – як магчымасць адпачыць ад працы ў народным стылі. Згадалі – і вырашылі паспрабаваць. У суботу 1 лістапада сабраліся разам і знаёмыя дзяўчаты, і незнаёмыя – хто даведаўся пра нашу ініцыятыву з сацыяльных сетак. Тры гадзіны праляцелі незаўважна! Мы і частаваліся хатнімі прысмакамі, якія прынеслі з сабой госці, і спявалі песні, у тым ліку запісаныя намі некалі ў фальклорных экспедыцыях, і развучвалі танцы. Перазнаёміліся з тымі, каго не ведалі. Адзінае што – на першых вячорках ніхто не працаваў. Бо ўсё-ткі галоўная мэта — не паболей зрабіць у такія вечары, а весела правесці час. Гэта што тычыцца сутнасці звычая. А галоўная мэта для нас асабіста – не даць загінуць добрай беларускай традыцыі, застацца яе носьбітамі ў сучасным свеце!»