Тэлевізійны сюжэт быў прысвечаны таму, што чыгуначная станцыя Руміна ў Аршанскім раёне у сэзон дажджоў аказваецца фактычна адрэзанай ад свету.
З аднаго боку пад’язны шлях праходзіць праз поле мясцовага фэрмэра, які пэрыядычна ўзорвае ўсю сваю зямлю. З другога – разбітая транспартам каляіна. Буйнагабарытныя машыны сапсавалі дарогу так, што легкавік да чыгункі, як гэта было раней, не пад’едзе. Каб дабрацца да станцыі, мясцовыя жыхары адразу абуваюць гумовыя боты або пераабуваюцца па дарозе. Хто-ніхто нацягвае на ногі поліэтыленавыя пакеты.
Прыкладна ў такім выглядзе на станцыю Руміна з Бабініч ідуць і работнікі чыгункі, і пасажыры. Хаця апошніх тут у сэзон дажджоў практычна няма. Бо нават студэнты Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, якім адсюль дабрацца да месца вучобы прасцей і танней, пазбягаюць гэтага шляху: яны едуць да Оршы, потым з Оршы едуць у акадэмію. І тое самае з акадэміі: яны едуць да Оршы а потым пад’язжаюць аўтобусам.
Як запэўніваюць мясцовыя жыхары і работнікі станцыі, яны неаднаразова звярталіся ў сельвыканкам. Вусна. Кіраўніцтва нават выяжджала на месца. Аднак у прысутнасці журналістаў паведамілі, што чуюць аб праблеме ўпершыню. У Аршанскім жа райвыканкаме пра сітуацыю даведаліся толькі ад журналістаў. Аляксандар Пальвінскі, выконваючы абавязкі намесьніка старшыні Аршанскага райвыканкаму па пытаньнях ЖКГ і будаўніцтва паабяцаў: «Калі гэтая праблема ўзнятая, мы, вядома ж, звернем на яе ўвагу і будзем шукаць сродкі, каб зладзіць там нармальнае транспартнае злучэнне»