Шыльда і барэльеф з выявай пісьменьніка-земляка былі размешчаны на першым будынку па вуліцы Караткевіча. Калісьці будынак належаў аршанскаму піўзаводу, цяпер у ім знаходзіцца «Парытэтбанк».
У доме нядаўна скончыўся рамонт. Але на свежапафарбаванай сцяне відаць толькі рэшткі мацаванняў, на якіх трымаліся шыльда і гарэльеф. Куды яны падзеліся і ці будуць вернутыя на ранейшыя месцы?
Высветліць гэта ва ўладальніка, прадпрымальніка Уладзіміра Андрэевіча Панасенкі, не ўдалося. Перамовы з прыёмнай скончыліся беспаспяхова: жанчына, якую было ледзьве чуваць праз перамоўнае прыстасаванне, катэгарычна адмовілася адчыніць дзверы. Нават хаця б дзеля таго, каб удакладніць тэлефонны нумар або нейкім іншым чынам звязацца з уладальнікам.
Паводле дырэктаркі аршанскага музея Уладзіміра Караткевіча Ірыны Гаеўскай, яна размаўляла з прадпрымальнікам Панасенкам. І размова пакінула станоўчае ўражанне:
«Мы размаўлялі ў ліпені. І ён тады мне тлумачыў, што не можа сказаць ні «так», ні «не» наконт таго, ці верне шыльду на месца. Гаварыў нават пра тое, што калі не на будынку яе павесіць, то праз дарогу прафінансуе нейкі мемарыяльны знак, і гарэльеф размесціць там. Каб людзі маглі падыходзіць і глядзець. Я ведаю, што зараз гэтае пытанне на кантролі ў райвыканкаме, і гарадскія ўлады – за тое, каб усе адзнакі памяці вярнулі».
Паводле загадчыцы аддзела культуры Ганны Святловай, шыльда і гарэльеф будуць вернутыя пасля сканчэння рамонту будынка. Верагодна, ужо ў верасні. Але, паводле ўсіх знешніх прыкметаў, рамонт завяршыўся ўжо з месяц таму. «Парытэтбанк», які арэндуе памяшканне ў У.Панасенкі, працуе ў абноўленым будынку, дый звонку нідзе не відаць ні будаўнічых рыштаванняў, ні будаўнікоў, якія займаліся б працай.
Апытанне аршанцаў на вуліцы Караткевіча прывяло да вясновы, што яны хацелі б бачыць шыльду і гарэльеф на ранейшым месцы. Амаль кожны з мінакоў гатовы паказаць бацькоўскую хату пісьменніка, што стаіць на гэтай вуліцы. Многія памятаюць перайменаванне былой вуліцы Касманаўтаў у вуліцу імя знакамітага земляка. Нехта вучыўся ў школе, якая носіць імя Уладзіміра Караткевіча.
«Тут, каля шыльды, заўжды кветкі ўскладалі да дня ягоных народзінаў. Госці горада маглі прачытаць пра нашага пісьменніка, паглядзець на вуліцу Караткевіча, пераканацца, што ў горадзе яго шануюць», — падзялілася сваім меркаваннем жанчына.
«Я сам кветкі хадзіў ускладаць. Трэба, каб шыльду вярнулі. Можа, да ўладаў звярнуцца? Няхай пагавораць з прадпрымальнікам. Як гэта так: захацеў – зняў шыльду, захацеў – выкінуў», — гаворыць хлопец-мінак.
Наданне вуліцы імя Караткевіча некалі адбылося з ініцыятывы саміх гараджанаў, якіх падтрымала мастацкая інтэлігенцыя ўсёй Беларусі. і гараджан-аршанцаў. Вуліца непасрэдна звязаная з лёсам пісьменніка, гаворыць Вольга Пашковіч, супрацоўніца музэя Караткевіча:
«Тут стаіць бацькоўская хата, дзе жылі Караткевічы пасля вайны: на новую грошай не было, і ў 1946 годзе яны набылі хату ў вёсцы ды перавезьлі ў Оршу. Тут напісаны першы варыянт «Дзікага паляваньня караля Стаха», «У снягах драмае вясна», некаторыя вершы, што ўвайшлі потым у першы зборнік «Матчына душа».
Гараджане дужа ганарацца сваім земляком, і вельмі спадзяюцца, што шыльда і гарэльеф, якія зараз знаходзяцца ўнутры будынка, якім валодае прыватны прадпрымальнік, абавязкова вернуцца на свае месцы.