
Першы раз Алёна Варона выступала ў Hippie House год таму. Другога студзеня на двары было 30 градусаў, і дабрацца на сейшн чорт ведае дзе рызыкнулі здароўем надта нямногія. Так што тады ў Hippie House разам з самой Алёнай было ўсяго чацьвёра. На гэты выпадак была напісана песня “Добрым людям”, якая цяпер і прагучала, і была прысвечана ўдзельнікам таго незвычайнага выступлення. З аднаго гэтага любы і кожны мусіць здагадацца – Варона адказны чалавек, і не забывае добрых да яе людзей. Таму што сама добры чалавек.
Але добры чалавек – не спецыяльнасць. Варона не проста добры і гранічна шчыры чалавек. Яна па-сапраўднаму таленавіты аўтар. Гэта стала зразумела з першай жа песні: Дай же мне еще огня, / Еще сильней прижми меня! / Так много хочется сказать, / Но невозможно передать. Алёна любіць пагаварыць ля мікрафона, ў адрозненні ад многіх беларускіх выканаўцаў аўтарскай песні першай хвалі, з каторых звычайна слова на сцэне абцугамі не выцягнеш. А гэта важны складнік любога канцэрта аўтарскай песні, бо аўдыторыі цікавыя не толькі самі песні, але і той “гарнір”, які ёсць вакол кожнай з іх. У яе гэтага гарніру заўжды хапае. І за гэтымі душэўнымі рэпрызамі ў нейкі момант раптам пачала праступаць глыбокая адзінота Вароны. Стала самотна. Чамусьці прыгадалася Janis Joplin, такая ж таленавітая, такая ж шчырая і такая ж адзінокая да самага свайго ранняга сыходу ў лепшы свет. Алёна гэтаксама ж бяз рэшты паліць сябе перад мікрафонам, як паліла сябе некалі незабыўная Janis: Аб чым мараць зоркі? / Каб былі з табой. / Але мы проста зоркі, / Да нас не дакрануцца… / Мы адбудземся ў адных, / Смяротныя танцы. / І няхай усё гарыць, / Усё палае. Тэматыка ейных песень не так часта сягае за мяжу ўласцівай для жанчыны з гітарай самазаглыбленасці, але ў Вароны гэтая рыса нейкая свая, асаблівая, пранізлівая: Мы с тобой как во сне / Плывем как по реке, / Называемой жизнь…/ Мы когда-то любили, / Но нас ложью убили. / Замкнутый круг.

І разам з тым у Алёны Вароны ёсць дастаткова аптымістычныя, канкрэтныя маніфесты: Жыць цяжка / – Ты трывай!.. / Трывай! Пачаў гульню, дык трывай! / Жыць цяжка, дык трывай!(“Трывай!”). Ты, канечне, можаш пакінуць усё як ёсць, / Не крыўдуй на людзей для іх, гэта злосць, / Але досыць жыць з сябе, / Пачні з сябе, потым пагаворым пра ўвесь свет. (“Пачні з сябе!”). Ёсць і яўна выбітныя творы, і калі Алёна кажа, што ёй гэтыя словы прыходзяць нібыта іх нехта зверху падказвае, то гэта падобна на праўду: Ужо сыйшло зашмат гадоў, / Але нам не забыць гэтых сяброў… / Цямныя ночы трыццатых гадоў / Забралі лепшых ваяроў, / Але нам няма сяброў / Ізноў, ізноў… / Я чую тыя стрэлы кожнага дня. / О, як жа дужа нам не хапае таго, / Што нам няма. (“Рэпрэсаваным паэтам”). Што ж, гэта вам не афіцыёзная бутафорыя кшталту “Песни юности наших отцов”, і такія песні яўна не залітуюць “музыказнаўцы” ў цывільным, якіх цяпер развялося ці не больш, чым пры СССР. Таму ў нас для Вароны пляцоўкі для такіх дыялогаў са слухачом гранічна звужаны да мінімуму, таму з Оршы яе канцэртныя шляхі павялі да Нежына, Чарнігава, Кіева…

Другі важны чыннік: Варона зусім слаба грае на гітары. І калі параўноўваць яе з расійскай выканаўцай аўтарскай песні Леонай, з каторай яны надта падобныя, дык Варона на парадак ніжэй за Леону толькі з-за гэтага фактара. Слабае валоданне гітарай не дазваляе ёй узняцца на якасна новы ўзровень, шкодзіць напрамую ейным жа песням, пакідае іх успрыманне на нейкім ніжнім узроўні. А гэта ўсё тармозіць яе творчы рост як асобы, і Алёна рызыкуе застацца на ўзлётнай паласе, так і не ўзняўшыся ўверх. А ў яе ёсць усё для ўзлёту. І самае паганае, што яна не хоча пра гэта нават чуць. Яе задавальняе тое, што ёсць. Яна спадзяецца браць толькі сваёй непасрэднасцю, эмацыйнасцю, самааддачай і шчырасцю. Да таго ж ёсць і яшчэ адна сур’ёзная рэч, пра каторую я не магу гаварыць, і яна пераводзіць усе гэтыя праблемы прама ў нейкую трагічную плоскасць.
Пакідаў Hippie House пасля канцэрту Вароны з поўнай душэўнай спустошанасцю, якую ўжо даўно не адчуваў. Проста поўны гамон.
К. ЮРСКІ-МЕЗАЗОЙСКІ

