У памяць 395-й гадавіны надання Оршы Магдэбургскага права 13 снежня адбылася гарадская канферэнцыя, якую арганізавалі Таварыства беларускай мовы і ГА “Фонд Льва Сапегі”. На канференцыі выступілі з дакладамі аршанскія гісторыкі і краязнаўцы, а таксама госці з Мінску і Магілёва.
Адкрыў мерапрыемства старшыня Аршанскай суполкі ТБМ Юрась Нагорны.
Падзяліўся сваімі ведамі аб Магдэбургскім праве на Магілёўшчыне кандыдат гістарычных навук Ігар Пушкін. Ён аршанец і зараз жыве ў Магілёве.
Аб прычынах і абставінах, якія папярэднічалі наданню Оршы Магдэбургскага права, распавёў аршанскі гісторык Юрка Копцік. Ён таксама азнаёміў прысутных з тэкстам прывілею.
Гісторык звярнуў увагу прысутных, што страта Вялікім княствам Літоўскім летам 1514 года Смаленска паставіла Оршу на асобнае месца. Важнасць горада з гэтага часу рэзка вырасла. З 1514 года Орша становіцца апорным пунктам сістэмы абароны усходніх межаў ВКЛ.
Аршанцы атрымліваюць ўсё новыя прывілеі. Пры фармальнай адсутнасці Магдэбургскага права аршанцы мелі высокую ступень самакіравання і самастойна ўладкоўвалі гарадское жыццё.
Нарэшце, 13 снежня 1620 года Орша атрымлівае прывілей на Магдэбургскае права. Гэта быў час чарговай вайны з Маскоўскай дзяржавай за вяртанне Смаленска.
Зміцер Дзядзенка на канферэнцыі прэзентаваў сваю кнігу «Гісторыя ў прыцемках», якая недаўна была выдадзена. Ён аршанец, зараз жыве ў Мінску.
Эксперт з Фонда Льва Сапегі Андрэй Завацкі параўнаў самакіраванне тых часоў і што маем зараз. І атрымліваецца не на карысць сучаснасці.
Аршанскі краязнаўца Віктар Лютынскі распавёў пра тапаніміку Оршы часоў нямецкай акупацыі 1941-45 гадоў, а мастак Мікола Купава пра вядомых дзеячаў ВКЛ, якія праславілі Оршу.
Прысутных парадаваў сваімі песнямі аршанскі бард Андрэей Мельнікаў.