У Бібліятэцы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў «Кнігарня пісьменьніка» выйшла кніга Зміцера Дзядзенкі «Гісторыі ў прыцемках». У зборніку дзьве аповесьці — «Голем з Малой Мар’ямпольскай» і «Вуаерыст», і адно апавяданьне — «Яйкі птушкі Рух».
Зміцер знаёмы чытачам нашага сайта па юмарыстычным вершам, якія ён нам зрэдку дасылае.
Што да жанраў сваіх твораў, сам аўтар вызначыў іх так:
«Апавяданьне „Яйкі птушкі Рух“ і аповесьць „Голем з Малой Мар’ямпольскай“ — містычна-дэтэктыўныя, аповесьць „Вуаерыст“ — хутчэй, гістарычны трылер у жанры „нуар“ з гістарычнымі паралелямі. Гэта хутчэй містыка, чым фантастыка. Я б не сказаў, што гэта зусім „чарнуха“, хутчэй у аповесьці прысутнічаюць пэўныя элемэнты жанру „нуар“, такія, як адсутнасьць станоўчых пэрсанажаў і крыху іншых асаблівасьцяў жанру. У „Вуаерысьце“, такім чынам, практычна няма станоўчых герояў, але ёсьць эротыка, гэбісты і пошукі золата. Усе творы вострасюжэтныя, з загадкамі, містыкай і нечаканымі паваротамі».
Зміцер Дзядзенка нарадзіўся ў 1972 годзе ў Оршы. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў рэдактарам на БТ і журналістам «Нашай нівы». Друкаваўся ў часопісах «Полымя», «Першацвет», «Паміж», «Спадчына». Аўтар краязнаўча-генеалагічнага даведніка «Аршанская шляхта», адзін з суаўтараў кнігі «Наша страва». У 2015 годзе ўбачыла свет яго першая мастацкая кніга «Гісторыя ў прыцемках».