Пра айца Аляксандра Марозава

Новости общества
3
(2)

21 лістапада 2016 года спаўнілася тры гады з дня смерці айца Аляксандра Марозава, праваслаўнага свяшчэнніка, які трагічна загінуў ад рук маладых людзей, якім ён дапамагаў. Гэта гісторыя атрымала шырокі рэзананс, неаднойчы асвятлялася ў СМІ, бо гэта першы ў гісторыі незалежнай Беларусі выпадак забойства праваслаўнага свяшчэнніка.

Павел Каралеў.

Усе хто ведаў айца Аляксандра Марозава сцвярджаюць, што чалавек гэты быў незвычайны. Гэта магу пацвердзіць і я, бо на працягу некалькіх год мне была дадзена ўнікальная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з гэтай цікавай асобай. Аляксандр Марозаў нарадзіўся 18 жніўня 1970 года ў Оршы, у сям’і адказных дзяржаўных работнікаў.

Скончыўшы школу № 21 Оршы, Аляксандр Марозаў паступіў у медвучылішча, якое завяршыў з чырвоным дыпломам. Пасля вучыўся ў Віцебску на псіхолага. Апошняе яму прыдалося ў справе царкоўнага служэння, каб знайсці падыход да розных людзей. Нейкі час спрабаваў сябе ў камерцыі, аднак спробы гэты былі не вельмі ўдалымі, бо ягоныя “паплечнікі” падманулі яго на некалькі тысяч даляраў. Тым не менш, веру ў людзей гэты эпізод не падарваў.

Як адбыўся прыход да веры ў Аляксандра, нам невядома. Аднак маці святара расказвае, што недзе каля 1996 года, калі яна дапамагала сваёй моцна хворай ляжачай маці ў Полацку, менавіта там Аляксандр пачаў наведваць храм. Вось як гэты эпізод узгадвае Тамара Якаўлеўна: “Прыехаў мне дапамагчы ў Полацк і сын. Дом размяшчаўся непадалёку ад Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра. Мяне здзівіла, куды гэта сын сыходзіць у 5 гадзін раніцы з дому. Толькі затопіць печку і ідзе. Адзін раз прызнаўся, што ходзіць у манастыр, пры гэтым прамовіў “Там маё месца”.Праз нейкі час Аляксандр паехаў у Расію вучыцца ў духоўную семінарыю, пасля чаго зноў вярнуўся ў Беларусь. Служыў ў Міхайлаўскай, Ільінскай цэрквах Оршы. Затым пайшоў у прыход у вёску Межава.

Для двух сваіх прыходаў на Аршаншчыне ён зрабіў вельмі многа. Апроч в. Межава ён служыў у в. Смаляны, дзе знаходзіцца старадаўні драўляны храм Праабражэння XVIII ст. Айцец Аляксандр неаднойчы ўзгадваў, што калі прыехаў у Смаляны, яму там моцна спадабалася… І храм, і месца. Вось толькі прыхаджан мала, бо людзі пасля савецкага часу з вялікай цяжкасцю вяртаюцца да царквы, да веры. Ды і праблем з старым храмам было шмат. Прыходзілася працаваць не толькі добрым місіянерам, але і добрым рабочым. Спадзяванне на дзяржаву, на тое, што царква – помнік архітэктуры, не апраўдаліся. Прыйшло разуменне, што цяжкую працу неабходна рабіць самому, моцна не спадзяючыся на знешнюю дапамогу. Таму невялікім прыходам латалі дзіркі ў даху старой царквы, дзе захаваўся ўнікальны падкупальны роспіс 12-ці евангелістаў у поўны рост. Пасля прыбіралі тэрыторыю вакол храма, разводзілі кветкі, брукавалі дарожкі да царквы. Тут трэба адзначыць унікальную асаблівасць айца Аляксандра: за што ён браўся, тое ў хуткім часе спраўджвалася. Вырашыў пабудаваць каля храма крыж з іконай Маці Божай Бялыніцкай, каб тыя людзі, што праходзяць побач, маглі памаліцца. І вось, з Божай дапамогай, атрымалася задуманае здзейсніць. Узяліся за ніжні храм, які ў многіх месцах быў засыпаны зямлёй – праз некаторы час была занава уладкавана святыня ў гонар Крыжаўзвіжання.

xram-2

Пры гэтым многія роспісы ў храме рабіў сам айцец Аляксандр. У выніку намаганнямі свяшчэнніка храм у Смалянах расквітнеў, а многія газеты пачалі адзначаць: “Царкоўны падворак стаў самым прыгожым і дагледжаным кутком ва ўсёй вёсцы” (газета “Культура”, № 18 за 2013 г.). Адзначым, што бацюшка цікавіўся гісторыяй святыні. Стараўся сабраць усе магчымыя звесткі пра старажытную царкву. Для гэтага прыязджаў працаваць ў Нацыянальны гістарычны архіў у Мінск.
Так жа даглядаў а. Аляксандр храм у в. Межава, дзе працягваў служыць ужо адзін раз на некалькі тыдняў.
Неабыякавы ён быў і да другога аб’екта ў гэтай вёсцы – храма Пакрова Багародзіцы, запушчанай, паўразбуранай святыні. Не аднаразова ён наладжваў прыборкі храма, унутры праводзіў малебны. І нават асабіста забіраўся на дах храма, каб зрэзаць парослыя дрэвы. Тым самым ён служыў прыкладам для іншых, бо многія людзі не раз прыходзілі дапамагчы бацюшку. Нават сёння мясцовыя жыхары вёскі Межава паказваюць на прыбранае смецце і адзначаюць, што гэта было зроблена пры айцу Аляксандру. Нажаль, пасля таго храм больш не прыбіраўся.

Да айца Аляксандра Марозава заўжды цягнуліся людзі. Ён нікога не пакідаў абыякавым. Заўжды быў ветлівы і з задавальненнем паказваў храм у Смалянах, дзяліўся загадкамі і адкрыццямі старой святыні. Узгадваецца артыкул у рэспубліканскай газеце “Культура” (№33 за 2011 г.), дзе карэспандэнты прыехалі на роварах да святыні і пабойваліся заходзіць у храм, каб не дай Бог, іх не пагналі са святога месца за непрыстойны выгляд. І вось мясцовы свяшчэннік гасцінна запрашае іх наведаць храм. Айцец Аляксандр лічыў, што трэба прыняць чалавека такім як ёсць, ні ў якім выпадку не выганяць. Ужо пасля людзі, меркаваў свяшчэннік, навучыцца царкоўным традыцыям. Але важна ў галоўны момант, падчас першага прыходу чалавека да святыні, не адштурхнуць яго з-за нечага другаснага. Не выпадкова, калі мастакі з Віцебска, Полацка і іншых гарадоў вырашылі правесці мастацкі плэнер у Смалянах і арганізаваць выставу, месца для апошняй было выбрана менавіта на царкоўным цвінтары. У хуткім часе, мясцовы люд прыходзіў да храма, каб побач убачыць выявы краявідаў родных мясцін.

Кожную нядзелю ў Смаляны на службу, якую праводзіў айцец Аляксандр, прыязджалі паломнікі з Мінску, Оршы і многіх іншых гарадоў. 18 красавіка 2013 года (за паўгады да сваёй трагічнай смерці) айцец Аляксандр паведаміў мне пра тое, што ў Смалянах разбураюць стары будынак былога дамініканскага манастыра. Асабліва тады засмуціла, што разбурэнне адметнасці супала з Міжнародным днём помнікаў і мясцін, які адзначаецца ў гэту дату. Аднак дзякуючы своечасовай рэакцыі айц. Аляксандра, значную частку старога манастыра ўдалося зберагчы. Праз некалькі месяцаў для валанцёраў, якія прыехалі даглядаць старыя помнікі Смалян, лёгка было знойдзена месца для жылля – у старым доміку свяшчэнніка непадалёк ад царквы, які незадоўга перад гэтым набыў айцец Аляксандр.

Выгляд і вобраз жыцця бацюшкі схіляў да сябе. Ён быў прыгожы, атлетычнага складу, заўжды стройны, падцягнуты. Падтрыманне фізічнай формы, частыя прабежкі былі пастаяннымі для айца Аляксандра. Асаблівую увагу ён надзяляў гэтаму ў апошні год, бо ў той час даведаўся пра захворванне анкалогіяй. Але і гэту страшную навіну ён пераносіў годна, не абцяжарваючы блізкіх яму людзей.

Нават у складаны для сябе час ён не пераставаў дапамагаць тым, хто знаходзіўся побач. Адным з іх быў Алег Іўчанка, якога ў рэшце і абвінавацілі ў забойстве свяшчэнніка. На момант аб’яўлення рашэння суда яму было толькі 23 гады. Незадоўга перад гэтым ён быў выгнаны з Смалянскага аграрнага каледжа. Айцец Аляксандр дапамагаў яму ўладкавацца на працу, для чаго прапісаў яго ў тым доме, дзе пасля здарылася трагедыя. Свяшчэннік хацеў дапамагчы Алегу, убачыў у яго лёсе самога сябе, бо і сам рана застаўся без бацькі. Таму ставіўся як да сына, хоць і ведаў што ў апошняга ёсць сур’ёзная бяда – праблема з алкаголем.

Гісторыя распарадзілася, што айцец Аляксандр завяршыў свой зямны шлях. Тое, што ён зрабіў, засталося прыкладам для многіх людзей. Праз некалькі месяцаў пасля смерці айца Аляксандра, да яго магілы, якая знаходзіцца побач з царквой у Смалянах, прыехала група прыхажан з Полацка. Настаяцельніца манастыра (менавіта ў гэты манастыр айцец Аляксандр хадзіў маліцца ў маладосці) даручыла прывезці на магілу драўляны крыж, які быў па-мастацку аздоблены майстрам. Яго і паставілі каля магілы свяшчэнніка. Атрымліваецца, што сёння на магіле айца Аляксандра Марозава ажно два праваслаўныя крыжы. Сваякі бацюшкі вырашылі пакінуць гэту памятку любові людзей да свяшчэнніка, які застаўся верным паклікання добрага пастыра.

xram-3

У Беларусі ёсць шмат заступнікаў. Гэта святыя пакутнікі, святары, многія святыя. Сваім жыццём сцвердзіў сябе верным сынам Божым і айцец Аляксандр Марозаў, чалавек які быў неабыякавы сэрцам і палымяны духам. Будзе памятаваць пра яго, дзякаваць за мудрыя настаўленні, захаваныя і дагледжаныя святыні.

pavalll.livejournal.com

 

Нажмите на звезду, чтобы оценить материал!

Средняя оценка 3 / 5. Количество оценок: 2

Оценок пока нет. Поставьте оценку первым.

Так как вы нашли эту публикацию полезной...

Поделитесь статьей в соцсетях!

Добавить комментарий