

Яніна Пінчук у сваёй кнізе прапануе магічна-рэалістычныя апавяданні пра Мінск. Выяўляецца, у такім звыклым і быццам бы добра знаёмым горадзе можна сустрэць і чараўніка, і даўно памерлую гістарычную асобу, і зазірнуць у паралельны свет, дзе замест Беларусі існуе зусім іншая, легендарная дзяржава, яшчэ больш напоўненая магіяй.
Але кніга не толькі пра цуды. Яна пра пошук радасці ў жыцці, пра сяброўства, каханне і нянавісць, таямнічыя душэўныя з’явы і высокія памкненні. Шмат увагі нададзена беларускай міфалогіі і гісторыі, якія ў кнізе часам адбіваюцца і пераплятаюцца даволі нечаканым і арыгінальным чынам.
У канцы сустрэчы Яніна па просьбе аршанцаў прачытала свае вершы.
Яніна Пінчук нарадзілася ў 1991 годзе ў Бабруйску. Скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ. Працуе перакладчыкам з ангельскай і іспанскай моў. Друкавалася ў часопісах «Маладосць» і «Верасень».

