Маршрут будзе вельмі насычаны, бо побач з Оршай ёсць і сядзібы, і палацы, і нават замак.
Перадусім знаёмства са славутасцямі Аршанскага раёна прапануецца жыхарам іншых рэгіёнаў. Але і сярод аршанцаў можа знайсціся нямала ахвотных даведацца болей пра свой родны край.
У Паграбёнках краязнаўца раскажа гісторыю будынка былой паштовай станцыі ХІХ ст. Вёска Межава вядомая сваім сядзібна-паркавым ансамблем Любенскіх (1901 г.), яго прамысловымі будынкамі, руінамі царквы Уваскрэшання Хрыстова. Юрцава таксама мае сваю архітэктурную каштоўнасць — палац Любамірскіх (ХІХ ст.).
У Высокім экскурсанты ўбачаць сядзібны дом і больш чым стогадовы парк з фальварка Макшыцкіх. Наступным пунктам стануцца Смальяны, дзе можна будзе паглядзець драўляную царкву Праабражэння Гасподняга, жывапісны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі — помнік віленскага барока, рэшткі замка “Белы Ковель” — самага ўсходняга з беларускіх прыватнаўласніцкіх фартэцый. А яшчэ руіны царквы Святога Аляксея і магілу Тамаша Зана — блізкага сябры Адама Міцкевіча і Яна Чачота, заснавальніка таварыства філаматаў, аднаго з пачынальнкаў сучаснай беларускай паэзіі і, увогуле, чалавека з незвычайным лёсам.
Экскурсія адбудзецца 22 жніўня. Кошт удзелу ў вандроўцы 250 тыс. бел. руб. Тэлефон для запісаў: +375 29 716-28-80