Хіпі? Што, яны яшчэ ёсць? Ёсць. І яшчэ як ёсць.
“Радуга” – гэта фестываль, які мае свой пачатак, але не мае свайго канца. Фестываль чаго? Прама так і не скажаш – напэўна, ладу свайго жыцця. Яны збіраюцца на “Радугу” з усіх канцоў Беларусі, і не толькі: былі хіпі з Расіі, Украіны. Ёсць “Радуга” расійская, ёсць украінская, беларуская “Радуга” пачалася з 2001 года. Ёсць нават нейкія сеціўныя рэсурсы, дзе гэта можна паглядзець больш падрабязна, але я не стаў туды лезці. Вырашыў паглядзець на гэта “знутры” вачамі кандовага чайніка, які нічога пра гэта не ведае.
Адразу што кінулася ў вочы: абсалютная добразычлівасць і нейкая павышаная лагоднасць і ўважлівасць да любога іншага чалавека. Прынцып просты: твая свабода канчаецца там, дзе пачынаецца свабода іншага чалавека. Ніхто ад нікога нічога не патрабуе, проста ўсе стараюцца рабіць усё згодна вядомым усім тут правілам паводзін. Замест “здравствуйте” яны гавораць “доброе утро”. Прычым безадносна таго, які час на двары, хай нават сабе гэта ўжо гадзіна ночы. Замест традыцыйнага паціскання рукі яны проста абдымаюцца як самыя родныя на свеце людзі, якія проста даўно не бачыліся (у большасці выпадкаў гэтак яно і ёсць), хаця нічога не змяняецца нават калі вы бачыцеся ўпершыню.
У знешнім выглядзе ў большасці выпадкаў таксама іх нічым асаблівым не вылучыш з масы іншых людзей. Так, носяць “фенькі”, але такіх не асоба многа. Так, у некаторых доўгія валасы і барада, але каго цяпер гэтым здзівіш? З усіх у гэтым плане вылучаўся Інч з Менска; у яго дрэды (гэтакія асобым чынам кручаныя тонкія касічкі) звісалі ніжэй пояса. Дарэчы, мянушкі сустракаюцца нячаста: Ратмір, Ёжык, а так у асноўным імёны. Яшчэ часта носяць штаны асобага пакрою, шырокія і з дужа апушчаным міжкалашыннем. Адразу ўтвараецца грамада, у якой усе з усімі і ва ўсім роўныя. Яшчэ адно няпісанае правіла – поўная апалітычнасць. Пра гэта проста ніхто не гаворыць.
А з чаго ўсё пачыналася? Прасвяціў мяне Валера, які адразу вылучаецца сваім немаладым векам і з’яўляецца адным са стваральнікаў беларускай “Радугі”. Пачалася “Радуга” ў 1972 годзе, і пачалася, натуральна, у ЗША. Дадумваю: ага, гэта пасля таго, як адзін за адным з-за алкаголю і наркотыкаў пайшлі з жыцця такія маральныя лідары гэтага руху, як Хендрыкс, Джоплін і Морысан. Інтэлектуальныя аўтарытэты руху тады вырашылі: наркотыкі і алкаголь – гэта тупік, шлях у нікуды. І галоўнымі прынцыпамі “Радугі” сталі такія: жорсткая забарона на наркотыкі і любы алкаголь плюс максімальная экалагічнасць хіпі ва ўсім. Паленне/курэнне (зразумела, не “травы”) не забараняецца, але і не вітаецца. Паводле ўстановак “Радугі”, паліць ля вогнішча не ўхваляецца. Вечарам ля вогнішча ў двары Hippie house сусед справа перад тым, як запаліць цыгарэту, папрасіў дазволу ў тым сэнсе, што я не супраць, калі дым ад яго цыгарэты будзе ветрам несці на мяне? І гэта пры тым, што дым ад вогнішча, які таксама ветрам несла на мяне, ў сотні разоў перакрываў дымок адной цыгарэткі. Але як можна было прыкмеціць – паляць збольшага трубкі а не цыгарэты, бо існуе меркаванне, што ў прамысловых цыгарэтах занадта шмат рознай шкоднай хіміі.
Смецце пільна збіраецца і знішчаецца ў агні або забіраецца з сабой каб потым кінуць у бліжэйшы смеццезборнік. Ва ўсім астатнім “Радуга” захавала маральныя прынцыпы контркультуры хіпі 1960-х гадоў: жыць па сваіх законах у грамадстве і быць максімальна вольным ад яго. Па-ранейшаму практыкуецца дастатковая разняволенасць у сексуальным плане, хаця гэта дужа і не выстаўляецца напаказ. Дзяўчаты толькі абсалютна вольна пераапранаюцца пры ўсіх, і ніхто на гэта не звяртае асаблівай увагі.Усе канфлікты з мясцовымі абарыгенамі стараюцца ўладжваць максімальна мірна і без гвалту. Але ў безвыходнай сітуацыі, як вынікала са слоў Валеры, асабліва нахабным, агрэсіўным і тупым абарыгенам могуць даць і па мордзе. Паступова “Радуга” прыйшла і ў СССР, затым распаўшыся на нацынальныя “Радугі”. Прычым кожная “Радуга” нясе на сабе свае нацыянальныя адметнасці; неяк пачуў такую міжлётную фразу: калі прыязджая расійская “Радуга” – ўся ежа знікае. Адна дзяўчына распавядала, як пражыла з паўгады ў Бразіліі, дык там таксама свае адметнасці. Наогул адсотак высокаадукаваных адзінак у “Радузе” даволі высокі адносна ўсёй грамады. Прытым мяне ўразіла, што на маю прапанову паглядзець фільм “Woodstock: 3 days of peace and music” або “Glastonbury Fayre-71”, карыстаючыся нечаканай магчымасцю, ніхто асаблівай радасці не выказаў.
Чым займаюцца хіпі на “Радузе”? Ды нічым асаблівым. Нехта грае на гітары вядомыя і не надта песні, нехта практыкуе духоўныя практыкі ўсходняга паходжання, нехта гуляе ў нейкія калектыўныя гульні (апрача картаў). Большасць з іх недзе працуе ці вучыцца, у некаторых ёсць машыны, але не ў многіх. У асноўным падарожнічаюць старым добрым аўтаспынам. Многія прыязджаюць парамі ці нават цэлымі кампаніямі. Галоўны ж занятак хіпі – сумеснае баўленне часу. Як сказаў Валера, галоўны прынцып “Радугі” – самаарганізацыя. Ніхто нікога не прымушае гатаваць ежу, прыбіраць смеццце, мыць посуд, дастаўляць ваду і прадукты харчавання. Ніхто нікім не камандуе. Нават Валера.
Кожны бярэцца за тое, што ён умее найлепш. І, як ні дзіўна, гэта працуе. Нехта з задавальненнем займаецца гатаваннем ежы, нехта мые посуд, нехта падмятае і выносіць смецце, а нехта проста спіць, не звяртаючы ні на што ўвагі. Здаецца, гэта і ёсць той самы камунізм, каторы столькі гадоў будавалі ў СССР, завальваючы гэтую мэту горамі трупаў і заліваючы яе рэкамі людской крыві. Ратмір прывёз з сабой хатні відэапраектар, і на першым паверсе Hippie house амаль усю ноч дэманстраваўся нейкі бясконцы індыйскі фільм-камедыя. Усе ляжалі ў сваіх спальніках на падлозе ці канапах хто дзе, і хочаш глядзі, хочаш спі – твая справа. Некаторыя дык проста паставілі свае намёты ў двары і начавалі там. Дарэчы, спаць можаш хоць да абеда, некаторыя так і рабілі, таму што ў гэтакім кіназале, калі раз за разам выбухае смех ці гучаць каментары, не асоба дык і паспіш. Потым, калі ўжо кіно скончылася, усіх раз за разам будзілі то раптам завыўшы нечы смартфон, то нечаканы сталёвы скрыгат нявыключанага некім планшэта. Ну, вось такі камунізм у пад дах набітым людзьмі Hippie house!
Пакідаў “Радугу” з устойлівым адчуваннем таго, што так і не ўехаў да канца ў тое, што ж такое “Радуга” насамрэч, што нешта галоўнае, важнае засталося па-за маёй увагай. Можа і праўда не ўехаў?
К. ЮРСКІ-МЕЗАЗОЙСКІ