Першы этап аўдыёпраекта «Краязнаўчая казка», які праводзіць штотыднёвік «Аргументы і факты» пры падтрымцы velcom, завершаны. Цяпер на сайце kazka.aif.by можна праслухаць або спампаваць усе 10 казак пра ўзнікненне беларускіх гарадоў і рэк, спецыяльна запісаных вядомымі беларускімі музыкамі, акцёрамі і тэлевядучымі.
Датай заснавання многіх гарадоў, у тым ліку беларускіх, лічаць дату першай згадкі ў старажытных летапісах. Але летапісцы мінулых часоў звычайна згадвалі гарады, калі яны ўжо сталі развітымі цэнтрамі — ваеннымі, эканамічнымі, культурнымі, рэлігійнымі і г.д. А што ж было дагэтуль? Хто і калі заснаваў нашыя гарады і мястэчкі і адкуль пайшлі іх назвы? Кім былі першыя жыхары?
Менавіта гэтымі пытаннямі і задалася рэдакцыя штотыднёвіка «Аргументы і факты». Некалькі гадоў таму мы прапанавалі чытачам даслаць цікавыя гісторыі, міфы, казкі, якія могуць раскрыць таямніцу ўзнікнення гарадоў і іншых геаграфічных пунктаў. Бо ўспаміны нашага народа пра былыя часы захаваліся ў вусных народных паданнях і казках. Нашы чытачы жыва адгукнуліся на заклік! Так на старонках выдання з’явілася рубрыка «Краязнаўчая казка».
За мінуўшыя гады мы апублікавалі не адзін дзясятак казак пра тое, як узніклі Браслаў, Дуброўна, Смаляны, Лепель, Мсціслаўль, Гродна, Мазыр, Брэст, Лагойск і іншыя гарады, чаму мінскую раку называюць Свіслач і куды знікла мінская рэчка пад назвай Пярэспа.
Мы даведаліся, што Лепелю дала назву балцкая народнасць. Браслаў быў названы ў гонар князя Брачыслава Ізяславіча, бацькі таго самага Усяслава Чарадзея, а Смаляны — у гонар дзяўчыны, чый бацька быў смалакурам. Казкі беларускага народа расказваюць не толькі пра гісторыю, але і пра традыцыі, старажытныя вераванні, культуру продкаў сучасных беларусаў. А ці можна звацца беларусам без гэтых ведаў?
Галасы продкаў
У Год культуры мы вырашылі, што галасы нашых продкаў не могуць змоўкнуць назаўсёды і што казкі павінны гучаць і перадавацца далей з вуснаў у вусны. Мы запрасілі да ўдзелу ў праекце 10 вядомых асобаў, якія сталі галасамі «Краязнаўчых казак» «АіФ». У праекце прынялі ўдзел Сяржук Доўгушаў — спявак, музыка (этна-гурт «VuRaj», сацыяльны праект «Спеўны сход»), Іван Кірчук — лідар этна-трыа «Троіца», Іван Падрэз — вядучы Агульнанацыянальнага тэлебачання, спявачка Рэспубліка Паліна, Руся — спявачка гурта «Shuma», Андрусь Такінданг — мастак, музыка гурта «Recha», Святлана Цімохіна — актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, а таксама акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы: Раман Падаляка, актрыса і тэлевядучая канала «СТВ» Юлія Шпілеўская, актрыса і лідар гурта «Sounduk» Ганна Хітрык.
Пра вёску Смаляны
У старых летапісах запіс пра вёску Смаляны з’явіўся напрыканцы XV стагоддзя. Ні ў адной вёсцы Аршанскага раёна, ды і ўсёй Віцебшчыны, няма столькі архітэктурных помнікаў даўніны, колькі ў Смалянах. У свой час тут стаяў велічны замак з цэглы і камянёў з тоўстымі сценамі — больш за метр. Ён быў большы за Мірскі замак. У свой час падарваў яго Пётр I, каб не дасталася крэпасць шведам.
Кажуць, што назва вёскі пайшла ад імя дзяўчыны, што жыла ў гэтым краю. Праўда гэта ці не, ніхто не ведае. Але вось якую казку расказаў рэдакцыі «АіФ» наш чытач.
Жыў-быў на свеце Дзегаток. Так звалі смалакура, што гнаў з паленаў бярозавых і хваёвых дрэў, з смалістых карчоў дзёгаць — чорную смалу. Гандляры прыходзілі за гэтай смалой з Кіева, Смаленска, Ноўгарада, ад Варажскага мора і іншых далёкіх зямель. Ёю насычалі ветразі, мачты, днішчы вялікіх і малых чаўноў.
Плылі па Дняпры, а потым падымаліся па невялікай рэчцы да селішча, дзе жылі смалакуры. Госці па-свойму назвалі рэчку — Одраў, а паселішча, агароджанае моцнымі драўлянымі сценамі з высокімі вартавымі вежамі, — Одрскам.
Была ў Дзегатка дачка Смаляна. Пры нараджэнні ёй далі іншае імя. Але расла яна каля смалярні, дапамагала бацькам, вось і стала Смалянай.
Манамах ідзе!
Аднойчы прыбеглі па снезе ў Одрск з далёкіх паселішчаў людзі з дурной навіной.
— Воіны ідуць вялікім натоўпам, — паведамілі яны старшыні Радаславу. — Усё на сваім шляху паляць, рабуюць, каго забіваюць, каго ў палон бяруць.
Сабраў Радаслаў сваю невялікую дружыну, прызначыў ваяводаў. Жонкам і дзяўчатам, дзецям загадаў запасацца дровамі, паліць вогнішчы, кіпяціць ваду, смалу ў катлах, зносіць да сцен камяні.
Падыходзіла дружына Уладзіміра Манамаха, князя Чарнігаўскага. Пазней ён заняў Кіеўскі прастол. Манамах, набраўшы ў сваё войска полаўцаў, рушыў на Полацк. Але ў бітве панёс ад палачан нямалыя страты, раззлаваўся і пачаў разбураць усё на сваім шляху.
Одрск браму яму не адчыніў. Стала цямнець. І князь вырашыў дачакацца раніцы і тады штурмаваць крэпасць.
Калі бой скончыўся, Смаляна загадала жанчынам сабраць усіх жывых.
— Я ведаю таемны выхад у лес. Бярыце дзяцей, параненых, усіх, хто жывы, збірайцеся каля вежы, якая на раку глядзіць.
Смаляна вывела ўсіх абаронцаў Одрска.
Раніцай дружыннікі Манамаха ўварваліся ў крэпасць. Але ніхто не пакланіўся князю, не папрасіў літасці, не паднёс багатых дароў. Паўсюль ляжалі толькі забітыя.
Лютасці князя не было мяжы.
— Каб ад гэтага месца нават памяці не засталося! — закрычаў ён. — Усё спаліць і попел развеяць у паветры!
І засталіся на месцы Одрска толькі чорныя вуглі.
Дружына Смаляны
Прайшло нямала часу, перш чым Смаляна вырашыла весці людзей назад, да роднага Одрска. «Дружына Смаляны», так жартаўліва называлі сябе людзі, вярнулася на месца паселішча і нічога не знайшла: ні кала, ні двара, як кажуць.
— Будзем хаты ставіць ды буданы ладзіць. Смалярню, кавальню адчынім. Толькі жыць будзем у іншым месцы: каля другой рэчкі. А тут застануцца могілкі для ўсіх нашых.
Напрыканцы жніўня стаялі ўжо некалькі хат, у лесе дымілася смалярня. Прыбіліся да гэтага месца жыхары іншых спустошаных князем паселішчаў. Жыццё наладжвалася.
— Цяпер нашае месца Смалянамі завецца, — казалі жыхары купцам, якія прыязджалі за смалой. — І ўсім скажыце, каб плылі ў Смаляны. Одрска больш няма. А назва «Смаляны» пайшла ад нашай лекаркі Смаляны, дачкі смалакура Дзегатка і жонкі нашага старшыні — смалакура Труворы. Так і вырашылі. Рэчка завецца Дзярноўкай. Ад Дняпра па Адроўцы, а потым па ёй — да нас шлях.
Пакінулі купцы нямала патрэбных для Смалянаў тавараў узамен бочак са смалой ды паплылі ў родныя краі, несучы новую назву выгаднага для гандлю паселішча.
Дзякуем нашаму чытачу Віктару Крукоўскаму, які даслаў краязнаўчую казку ў рэдакцыю «АіФ».