З 29 чэрвеня да 7 ліпеня з Беларусі праходзяць Купалаўскія дні. Гэта штогадовая паэтычна-памятная імпрэза, прысвечаная народнаму паэту, якую ладзіць літаратурны музэй Янкі Купалы.
28 чэрвеня — 73-я гадавіна загадкавай гібелі паэта. Да гэтай даты ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася памінальная служба. А ў панядзелак, 29 чэрвеня, на вайсковыя могілкі Мінску прыйшлі беларускія літаратары і прыхільнікі творчасці паэта, каб ускласьці кветкі на магілу песьняра, а таксама вершаванымі радкамі ўшанаваць яго памяць.
Як паведамілі супрацоўнікі музэю Янкі Купалы, галоўныя ўрачыстасьці адбудуцца 5 ліпеня ў Вязынцы — на радзіме паэта. Тут пройдзе штогадовае паэтычнае свята з удзелам шматлікіх літаратараў, а таксама музыкаў, майстроў народнай творчасці. Таксама 7 ліпеня — у дзень нараджэння песняра паэтычныя чытаньні і ўскладанне кветак да помніка адбудзецца ў парку Янкі Купалы ў Мінску.
Жыхары Аршаншчыны маюць бліжэйшае месца, якое можна наведаць дзеля ўшанавання памяці паэта, — філіял музея ў Ляўках.
Прыехаўшы ў Ляўкі ў 1935 годзе, Янка Купала настолькі ўразіўся вёскай, што правёў у ёй цэлае лета, спыніўшыся ў хаце лесніка. Таму, калі 11 снежня 1935 года выйшла пастанова аб будаўніцтве дачы для Я. Купалы, ні ў каго не было сумненняў, што гэта будуць менавіта Ляўкі.
Гэтае рашэнне збянтэжыла асяроддзе Я.Купалы. Яго з усіх бакоў запытвалі: “Чаму Ляўкі? Гэта ж так далёка ад Мінска!” На што Я.Купала адказваў: “Далёка ад Мінска, але блізка да Масквы. Будуць часта завітваць сябры”. І ён не памыліўся. Дача заўсёды была паўна гасцей і добрых знаёмых. Сярод іх – вядомыя беларускія песняры Я.Колас, П.Броўка.
Новае месца дало бязмежнае натхненне на творчасць. У адным толькі чэрвені 1935 года Я.Купалам было напісана 17 вершаў! Сярод іх -вядомыя “Хлопчык і лётчык”, “Алеся”, “Партызанам” і іншыя. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, любіў Купала хадзіць па грыбы. Абуваў тапкі, апранаў штаны, закасваючы іх па калена. У руках быў кошык. А ў кошыку — паперка і аловак. Вяртаўся з лесу ўжо апоўдні. Часцей — з пустым кошыкам. Затое з новымі вершамі, якія запісваліся на каробках ад запалак ды цыгарэт, бо яны проста не памяшчаліся на паперы.
І так было кожнае лета, пакуль не пачалася вайна. У першыя ж месяцы вайны Я.Купала пакінуў Мінск і прыехаў у Ляўкі. “Я хоць крышку і душой, і сэрцам адышоў ад тых жудасцей”, – казаў паэт. Але ўжо 30 чэрвеня 1941 Я.Купала з’ехаў у Маскву, пакінуўшы Ляўкі назаўжды. Адразу ж пасля яго ад’езду ў вёсцы з’явіліся немцы. У хату, дзе жыў паэт, трапіў снарад. І ад яе нічога не засталося. Лес, які так натхняў паэта, амаль увесь знішчылі немцы. Але дача рэканструіравана. Зараз на яе былой тэрыторыі працуе музейны комплекс “Ляўкі”. Рашэнне аб адкрыцці музея было прынята беларускім урадам ў 1978 годзе. Комплекс складаецца з музея Янкі Купалы, яго дачы, дома кіроўцы Я. Купалы, гаража з аўтамабілем паэта, які быў падараваны ўрадам у 1939 годзе.
Усё гэта можна ўбачыць на ўласныя вочы, наведаўшы філіял дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Ляўках.

