Героі фальклорных паданняў, апісаныя вядомым этнографам М.Нікіфароўскім, «засялілі» адну з залаў народнага гісторыка-этнаграфічнага музею ”Гісторыя Заронаўскага краю“.
Стваральніца музея Людміла Нікіціна распавяла, што адмысловая зала, прысвечаная беларускай міфалогіі, была адчынена да ўгодкаў Віцебскага раёну. А сама ідэя стварэння залы «нячыстай сілы» з’явілася пад уплывам даследванняў фалькларыста і этнографа Мікалая Нікіфароўскага.
«Нарадзіўся Нікіфароўскі якраз у Віцебскім раёне, у вёсцы Вымна. У тамтэйшай школе таксама ёсць музей, прысвечаны гэтаму незвычайнаму чалавеку, які збіраў казкі, песні і легенды, запісваў этнаграфічныя сведчанні ад тутэйшых жыхароў… У яго ёсць даследванне «Нячысцікі. Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу». Раз мы землякі, то і ў нас, тут паблізу, таксама мусяць вадзіцца такія ж «нячысцікі». Вось мы і вырашылі правесці перапіс «чарцячага насельніцтва», і пасяліць некаторых герояў мясцовых казак і паданняў у нашым музеі», — тлумачыць Людміла Канстанцінаўна.
Вынікі «перапісу» – на сценах скляпення, дзе месціцца міфалагічная зала. «Вадзянік», «Русалка», «Лазнік» – слупочкі імёнаў нячысцікаў, згрупаваных «па месцы жыхарства»: адны з іх жывуць у вадзе, другія «земнаводныя», трэція – лясныя насельнікі, чацвертыя – насяляюць чалавечае жытло, хату і прысядзібныя пабудовы. Але не усё людзі заўважаюць такіх сужыцеляў з сабою побач, толькі часам у люстэрку адлюструецца на імгненне чужое, нязвыклае аблічча. Невыпадкова гэтыя містычныя прадметы інтэр’еру ў міфалагічнай залі – у вялікай колькасці. У іх можна заўважыць то адлюстраванне Ягіні – беларускай Бабы Ягі, то хвост заронаўскага Цмока, то Лесавіка, зробленага з сукаватага карнявішча.
«Афармляла залу былая выпускніца нашай заронаўскай школы, а многія экспанаты зроблены рукамі мясцовых дзетак, — працягвае Людміла Нікіціна. – Калі я выкладала беларускую мову і літаратуру, то падчас вывучэння твораў з беларускай міфалогіі заўжды прасіла намаляваць персанажаў, або вырабіць іх, або нават пераапрануцца ў героя нейкага падання ды выступіць перад класам. Гэта былі такія цікавыя ўрокі! Бо дзеці з задавальненнем выконвалі такія заданні, і канешне ж, чыталі самі творы».
Пра сваё настаўніцтва Людміла Канстанцінаўна гаворыць у мінулым часе: школу ў Заронаве колькі гадоў таму зачынілі. Дзеці ездзяць на вучобу ў недалёкую вёску Суйкава, а ў школьным будынку цяпер і размяшчаецца музей ”Гісторыя Заронаўскага краю“. Ён «прыпісаны» да дзіцячага садка – апошняй ўстановы адукацыі ў вёсцы. У музеі ўжо некалькі залаў, дзе сфармаваныя розныя экспазіцыі: выстава ёлачных цацак, выстава самавараў, выстава гадзіннікаў, выстава прасоў, этнаграфіі і побыту, касцюму, прадметаў хатняга ўжытку. Каб выставіць усе экспанаты, бракуе месца – нездарма ж збіральніцтвам гістарычных каштоўнасцяў Людміла Нікіціна займаецца амаль 30 гадоў!
Столькі ж займаецца і краязнаўствам – вывучэннем Віцебшчыны, асабліва пільна – мясцовых ваколіцаў. Хаця нарадзілася і вырасла ў вёсцы Вольна пад Баранавічамі, а ўпершыню прыехала на Віцебшчыну пасля інстытута.
Народны музей, кіраўніком якога з’яўляецца Людміла Нікіціна, па многіх накірунках дзейнасці прызнаны лепшым у Беларусі. У 2011 годзе настаўніца атрымала ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны”. А ў снежні мінулага году яе ўзнагародзілі званнем «Выдатнік адукацыі».










