Віктар Сцяпанаў
Страчаная праз вандальскую палітыку былых кіраўнікоў горада архітэктурная спадчына роднага горада заўсёды вельмі глыбока цікавіла Уладзіміра Караткевіча. Сястра пісьменніка Наталля Сямёнаўна некалі прызнавалася мне, што Ўладзімір Сямёнавіч у апошнія гады свайго жыцця не вельмі любіў бываць у Воршы менавіта з-за таго, што з ім зрабілі гарадскія начальнікі ў 60-ыя гады мінулага стагоддзя. Ён проста перастаў пазнаваць родны горад, казала яна.
Мажліва гэта і стала штуршком для стварэння пісьменніцкай рэканструкцыі аблічча горада ў другой палове 19 стагоддзя, уключаная ў тэкст вядомага рамана “Каласы пад сярпом тваім”. Панарама Воршы разгортваецца перад вачыма Алеся Загорскага, які спяшаецца на сустрэчу з Кастусём Каліноўскім:
“…З цугляў каня падала ўжо мыла, калі Алесь, мінуўшы алею, што вяла да белых муроў і сляпучых макавак куцеянскага манастыра, вырваўся, урэшце, на край высокага плато і ўбачыў стромы спуск дарогі, сінюю стужку нешырокага тут Дняпра, а за ёй гарадок, што ўтульна прымасціўся між Дняпром і невялікай рачулкай.
Конь, асядаючы на зад, спускаўся да наплыўнога моста, які нехлямяжа ляжаў на вадзе.
Алесю не было часу разглядаць усё. На станцыі чакаў і вось-вось мог паехаць Кастусь.
Конь загрукатаў падковамі па насціле. Воз з сенам трапіўся якраз на сярэдзіне – і вада заліла бабкі каню. Конь пацягнуўся да вады, Алесь падняў цуглямі ягоную галаву.
Справа тырчалі з вады магутныя, напаўразбураныя аркі каменнага моста, калісьці, відаць, такога шырокага, то тры вазы з сенам маглі праехаць побач і яшчэ засталося б месцы двум коннікам.
Гэта былі руіны “моста на крыві”, на якім калісь вырашалі свае багаслоўскія пытанні задняпроўскія манахі з іхнімі прыхільнікамі і гараджане з католікаў, узначаленыя шкалярамі з езуіцкага калегіума.
А паколькі на доўгія дыспуты ні ў кога не хапала ні часу, ні розуму, то пераконвалі адзін аднаго ў справядлівасці “свайго” Хрыста спосабам, у якім было мала талеранцыі і яшчэ менш гуманізму. Не апошнімі довадамі ў гэтай спрэчцы было завушэнне, розных ступеняў моцы ўдары бібліяй ці каўчэжцам па галаве, выспяткі.
Да ліку неабвержных доказаў, якія даводзілі няслушнасць апанента і з якімі ўжо не было як змагацца, належалі ўдар бязменам по галаве і скіданне з вышыні ў ваду. І так цягнулася дзвесце год, невядома на чыю карысць.
Узняўшыся на другі бераг, Алесь зноў пагнаў каня. Прамільгнулі з левага боку замчышча, Мікалаеўская царква і два касцёлы. Наводдаль лёгка ўзносіліся ў неба дзве званіцы Пакрова-Гумённай царквы.
Замкавай вуліцай вырваўся на Пецярбургскую, высякаючы падковамі іскры з каменных пліт.
Каля аднапавярховага каменнага будынка ямской станцыі стаяла запыленая – хоць ты пальцам на ёй пішы – паштовая карэта, і людзі стаялі на прыступках, а фурман з паштальёнам прывязвалі ўжо вяроўкамі кофры і сакваяжы.
Ён асадзіў каня і скочыў з яго, кінуўшы павады.”