Гаворка вядзецца пра парэшткі помніка архітэктуры, колішняга жылога будынка базыльянскага кляштара, які з 2006 года з’яўляецца ўласнасцю Віцебскай епархіі БПЦ.
За гэты час гаспадары, на якіх ляжыць заканадаўчая адказнасць за захаванне помніка архітэктуры, не зрабілі нават часовага даху над парэшткамі будынка. Хаця не аднойчы абяцалі зрабіць гэта ў самы бліжэйшы тэрмін. Дах, нават часовы, так і не з’явіўся, але многія жыхары Оршы звярнулі ўвагу на будоўлю ў двары паўразбуранага помніка архітэктуры – корпуса базыльянскага кляштара. Дырэктар музейнага комплексу «Гісторыя і культура Аршаншчыны» Уладзімір Кузубаў яшчэ ўлетку мінулага году патлумачыў, што гэта будуецца склад матэрыялаў для наступнага рамонту.
Прайшло больш за паўгода, але прыкметаў рамонту так і няма. Хаця, паводле «адказных за адраджэнне Свята-Пакроўскага манастыра ў Оршы» ігуменні Анфісы (Любчак) і манахіні Даніілы (Цяцьковай), праект рэстаўрацыі гэтага помніка архітэктуры ўжо зроблены. Гэта ж пацвердзіў мастак Мікола Купава, які асабіста сустракаўся з аўтарам праекта, архітэктарам М.І.Лук’янчыкам.
На аднаўленне помніка архітэктуры гараджане ахвяравалі грошы, лёс іх таксама невядомы. Усе гэтыя факты прадстаўнікі грамадскасці Оршы выклалі ў лісце да Архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя – у спадзяванні на тое, што адказны прадстаўнік Віцебскай Епархіі БПЦ адкажа на пытанні наконт грошай, тэрмінаў рэстаўрацыі і захадаў па спагнанні з падначаленых за невыкананне беларускага заканадаўства, што да захавання гістарычных помнікаў. Ліст быў накіраваны яшчэ ў лістападзе 2014 году, але адказу на яго аршанскія краязнаўцы так і не атрымалі.
Таму яны былі вымушаны звярнуцца ў СМІ, прычым адразу ў паўтара дзясяткі рэспубліканскіх і рэгіянальных выданняў, а таксама на тэлебачанне і радыё.
«У лістападзе мінулага года мы накіравалі Архіепіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю наш калектыўны ліст, прысвечаны лёсу помніка архітэктуры 18 ст., жылога будынка былога кляштара базылянаў у Воршы, які цяпер належыць аднаму з прыходаў Віцебскай епархіі БПЦ. На жаль, адказу ў належныя (і вызначаныя законам) тэрміны мы не атрымалі. Мы не выключаем, што наш ліст мог не трапіць на вочы Яго Эксцэленцыі, і ён не адказаў нам па не залежных ад яго прычынах. Але, паколькі ўзнятыя ў нашым лісце пытанні з’яўляюцца надзвычай важнымі з кропкі гледжання захавання гістарычна-архітэктурнай спадчыны, а таксама суіснавання і ўзаемадзеяння грамадства, дзяржавы і царквы, і абавязкоова патрабуюць увагі Яго Эксцэленцыі, мы вырашылі накіраваць яму гэты ліст яшчэ раз. Каб жа быць пэўнымі, што на гэты раз змест нашага ліста дакладна стане вядомым Яго Эксцэленцыі, мы накіроўваем копію гэтага ліста і вам, у спадзяванні на ягоную публікацыю», — гаворыцца ў лісце, адрасаваным СМІ. Адпаведны допіс быў – ужо другі раз – накіраваны і да Архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя.
Паводле закона аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў, адказ з Віцебскай Епархіі БПЦ мусіць прыйсці не пазней як праз 30 дзён. Прайшло ўжо больш за два тыдні, і зваротнага допісу пакуль няма. Сітуацыя вельмі нагадвае мінулагоднюю, калі адказу на зварот прадстаўнікоў аршанскай грамадскасці не было ўвогуле.
Затое ўжо атрыманыя адказы ад некаторых сродкаў масавай інфармацыі, якія зацікавіліся праблемай кепскага дагляду за помнікам архітэктуры 18 стагоддзя з боку ягоных цяперашніх гаспадароў.