Праект рэстаўрацыі помніка архітэктуры 18 стагоддзя быў зацверджаны некалькі месяцаў таму. Яго ўвасабленне ў жыццё мусіла распачацца селета ў красавіку, але і ў пачатку мая ніякіх прыкмет рэстаўрацыйных прац не відаць.
Праект рэстаўрацыі будынка быў адным з ключавых пытанняў, якія цікавілі аршанцаў у сувязі з тым, што выбітны помнік віленскага барока гіне, разбураецца на вачох мясцовых уладаў і гаспадароў гістарычнага будынка – Віцебскай Епархіі праваслаўнай царквы.
З аўтарам праекта, архітэктарам М.І.Лук’янчыкам, сустрэўся ўраджэнец Оршы, мастак Мікола Купава. Паводле спадара Купавы, эскізны праект — гэта выявы чатырох фасадаў будынка і «разрэзы» – выгляд знутры гэтага двухпавярховага будынка разам са скляпеннямі.
Паводле Міколы Купавы, першай справай будынак будуць ачышчаць ад смецця. Хаця яго ўжо не так многа, як было раней – на тэрыторыі перыядычна праводзіцца добраўпарадкаванне паводле ініцыятывы гаспадароў помніка архітэктуры, які належыць Віцебскай епархііправаслаўнай царквы. Ігумення Анфіса (Любчак) і манахіня Данііла (Цяцькова) неаднаразова арганізоўвалі прыборку і ўнутры будынка, і звонку.
Адначасова з грунтоўнай прыборкай, над будынкам мусіць быць узведзены часовы дах, які абараніў бы гістарычны помнік ад далейшага разбурэння. Кіраваць усімі працамі павінны асабіста М.І. Лук’янчык: ён прызначаны куратарам рэстаўрацыі, і нясе персанальную адказнасць за захаванасць гісторыка-культурнай каштоўнасці, у адпаведнасці з Законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны».
У тым, што помнік архітэктуры, які сваім цяперашнім выглядам, на жаль, толькі псуе ўражанне ад знешняга выгляду цэнтральнай часткі горада, ніхто з мясцовых жыхароў не сумняецца.
Многія гавораць і пра тое, што хацелі узяць удзел у грамадскім абмеркаванні праекта рэстаўрацыі, якое таксама не было арганізавана. Між тым, менавіта мясцовыя жыхары бралі ўдзел у зборы сродкаў на аднаўленне гістарычнага будынка. Дзеля гэтага гараджане імкнуліся набыць нешта ў царкоўнай лаўцы ва ўнівермагу, бо было сказана, што сродкі адтуль таксама йдуць н справу рэстаўрацыі. Грошы на дабрачынны рахунак пералічвалі і наш зямляк, мастак Мікола Купава, які выставіў на продаж свае творы, аб’яднаўшы іх у віртуальную выставу «Сьвятло Бацькаўшчыны». І 65% выручаных сродкаў пералічваў на адмысловы рахунак, дзе акамулююцца сродкі на аднаўленне помніка архітэктуры.
Аршанскія краязнаўцы неаднаразова звярталіся ў розныя інстанцыі, у тым ліку і да Мітрапаліта Філарэта, каб ен паспрыяў справе захавання помніка архітэктуры 18 стагоддзя, былога будынка базыльянскага кляштара. Атрымалі адказ і ад яго самога, і ад «адказных за адраджэнне Свята-Пакроўскага манастыра ў Оршы» ігуменні Анфісы (Любчак) і манахіні Даніілы (Цяцьковай). Апошнія даслалі «справаздачу» пра дзейнасць па захаванні помніка архітэктуры за апошнія 8 год, у якой няма і дзесятка пунктаў. Справа з рэалізацыяй рэстаўрацыйнага праекта таксама не зрушваецца з месца…
Помнік ахітэктуры эпохі Віленскага барока, дзе раней быў падменны жыллёвы фонд і майстэрні аршанскіх мастакоў, пасля моцнага снегападу 2004 году застаўся без даху. Ен праваліўся пад цяжарам снегу, а гарадскія ўлады не палічылі патрэбным яго замяніць, і старыя сцены доўгія гады разбураліся пад уздзеяннем прыродных ападкаў. Потым Аршанскі гарвыканкам вырашыў увогуле пазбавіцца ад праблемнага аб’екта: перадаў помнік, які з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю і ахоўваецца дзяржавай, ва ўласнасць праваслаўнай царкве. Але і новыя гаспадары не спяшаліся ратаваць помнік – як тады, так і цяпер, калі ўрэшце з’явіўся праект рэстаўрацыі.
Кансервацыя будынка былога базыльянскага кляштара і узвядзенне часовага даху – гэта першы каструктыўныя крокі, якіх у красавіку чакалі ўсе аршанцы. Аднак гаспадары ніякім чынам не інфармуюць грамадскасць пра стан справаў з кляштарам базыльянаў – пра перспектывы рэстаўрацыі і ягоны далейшы лёс, па-ранейшаму ігнаруючы патрабаванні заканадаўства аб ахове гістарычнай спадчыны.