У Оршы зноў збіраюць подпісы за выратаванне будынка базыльянскага кляштара

Новости культуры
0
(0)

Калектыўны ліст да Архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя падрыхтавалі мясцовыя краязнаўцы, занепакоеныя станам помніка архітэктуры, які належыць Віцебскай Епархіі праваслаўнай царквы.

«Нам даводзіцца звяртацца ўжо да Вас, каб не дапусціць разбурэння святыні.

Гаворка ідзе пра помнік архітэктуры XVIII стагоддзя, былы жылы будынак Аршанскага базылянскага кляштара, дзе пазней размяшчаўся Свята-Пакроўскі праваслаўны мужчынскі манастыр і Аршанскае духоўнае вучылішча. Вас, магчыма, знаёмілі ўжо раней з гэтай праблемай: у кастрычніку 2013 года мы атрымалі адказ на наш ліст да Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, з якога вынікала, што наш ліст быў накіраваны Вам. На жаль, тады мы так і не дачакаліся ад Вас адказу. Але самае прыкрае, што мы не дачакаліся і дзеянняў», — гаворыцца ў лісце.

Ужо 10 гадоў будынак стаіць без даху, і аршанцы вымушаны назіраць, як на іхных вачох рабураецца гістарычная каштоўнасць, перададзеная мясцовымі ўладамі Віцебскай Епархіі праваслаўнай царквы. «Гэты будынак – прадмет мастацтва і памяць пра нашу гісторыю. Ён ёсць фактычна напамінам пра лепшыя якасці і здольнасці нашых продкаў. Нарэшце, гэты будынак – пасланнік вечнасці, які сваім існаваннем сцвярджае вечныя каштоўнасці.

Ён не можа належыць аднаму чалавеку ці групе людзей, як мог бы належыць любы іншы будынак ці матэрыяльны аб’ект. Гэты будынак – агульнацыянальная каштоўнасць. Фактычна ён належыць усёй беларускай нацыі, усім яе прадстаўнікам, якія жывуць у Беларусі цяпер, жылі да нас, і будуць жыць пасля нас. Валоданне такім будынкам – гэта грамадская місія, якая накладае на ўладальніка дужа сур’ёзныя абавязкі.

Цяперашні паўразбураны стан гэтага будынка, такім чынам, падрывае тыя асновы, на якіх трымаецца Вашая царква, фактычна абвяргае тое, пра што гаворыцца з амбонаў, штодня пярэчыць факту існавання праваслаўнай царквы як аб’яднання людзей на аснове прыярытэту духоўных каштоўнасцяў», — пішуць аршанскія краязнаўцы і актывісты.

Прадстаўнікоў грамадскасці горада абурае, што канструктыўнага адказу ім не ўдалося атрымаць ні на адзін са сваіх ранейшых лістоў, у якія інстанцыі яны не звярталіся. Адусюль ім пішуць толькі пра адно: за стан гістарычнага будынка адказвае гаспадар, адпаведна – Віцебская епархія праваслаўнай царквы.

Аршанцы і многія неабыякавыя людзі з іншых гарадоў спрабавалі дапамагчы ў справе кансервацыі будынка – ахвяравалі грошы на тое, каб над базыльянскім кляштарам узвялі хаця б часовы дах. Аднак сканчваецца чарговы будаўнічы сезон, неўзабаве пачнуцца восеньскія дажджы, а пра лёс сабраных грошай нічога не вядома, гаворыцца ў лісце: «Нават стварэнне дабрачыннага рахунка скончылася непаразуменнем. Пры агучаных раней немалых сабраных на ім сродках страчаны яшчэ адзін будаўнічы сезон, на працягу якога можна было хаця б накрыць будынак часовым дахам. Між тым, у лісце, падпісаным «адказнымі за адраджэнне Свята-Пакроўскага манастыра ў Оршы» ігуменняй Анфісай (Любчак) і манахіняй Даніілай (Цяцьковай), было чорным па беламу напісана, што працы будуць распачатыя ў красавіку. І мы не разумеем, чаму па ўсім горадзе растаўленыя скарбонкі, сродкі збіраюцца таксама падчас публічных мерапрыемстваў, арганізаваных праваслаўнай царквой, але гэтыя сродкі накіроўваюцца на будаўніцтва новых храмаў, у той час калі перададзеныя вашай царкве помнікі архітэктуры дзесяцігоддзямі не рамантуюцца і разбураюцца.»

Аўтары ліста нагадваюць, што жыхарам і ўраджэнцам Воршы не ўпершыню даводзіцца займацца выратаваннем помнікаў гісторыі і культуры. Многія пачыналі гэтую дзейнасць яшчэ падчас перабудовы, калі краінаю кіравала палітычная сіла, што ставіла сабе за мэту змаганне з рэлігіяй і знішчэнне любых напамінаў пра яе. Дзякуючы грамадскай суполцы «Повязь» у 1980-я гады ў Оршы далося захаваць і выратаваць ад разбурэння цэлы шэраг культавых архітэктурных помнікаў. У тагачаснай сітуацыі актывісты не маглі абаперціся на падтрымку царквы, але з той пары многія храмы павяртаны вернікам. Чаму ж так «не пашанцавала» будынку кляштара базальянаў, які цяперашнія гаспадары чамусьці не ўспрымаюць за гістарычную каштоўнасць, занесеную ў спіс помнікаў архітэктуры і гісторыі рэспубліканскага значэння, а зводзяць да простай «нерухомай маёмасці», якую дазваляюць сабе трымаць у паўразбураным стане.

Нажмите на звезду, чтобы оценить материал!

Средняя оценка 0 / 5. Количество оценок: 0

Оценок пока нет. Поставьте оценку первым.

Так как вы нашли эту публикацию полезной...

Поделитесь статьей в соцсетях!

Добавить комментарий