З прапановай ўключыць працы па аднаўленні базыльянскага кляштара ў абласную інвестыцыйную праграму краязнаўца Віктар Сцяпанаў звярнуўся да начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і моладзі Віцебскага аблвыканкама
У лісце, дасланым праз форму электронных зваротаў грамадзян, гаворыцца: пра пагрозу знішчэння гістрарычнага помніка:
«Помнік архітэктуры эпохі Віленскага барока, былы базылянскі кляштар у Оршы, дзе раней быў падменны жыллёвы фонд і майстэрні аршанскіх мастакоў, пасля моцнага снегападу 2004 году застаўся без даху. Ен праваліўся пад цяжарам снегу, і старыя сцены доўгія гады разбураліся пад уздзеяннем прыродных ападкаў. Потым Аршанскі гарвыканкам перадаў помнік, які з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння і ахоўваецца дзяржавай, ва ўласнасць Беларускай праваслаўнай царкве. Але і новыя гаспадары не спяшаліся ратаваць помнік, які дагэтуль стаіць бяз даху і разбураецца.
Неаднаразова аршанскія краязнаўцы звярталіся да прадстаўнікоў БПЦ, да органаў улады рознага ўзроўню, звяртаючы іхную ўвагу на тое, што стан помніка архітэктуры вымагае неадкладнай кансервацыі – хаця б часовага даху, пакуль не абрынуліся сцены і перакрыцці.
Але новыя гаспадары толькі пабудавалі побач з помнікам драўляную царкву, ды пасля абследвання замовілі праект рэстаўрацыі будынка.
Кансервацыйныя і рэстаўрацыйныя працы, прыступіць да якіх мясцовы прыход БПЦ абяцаў у красавіку 2014 года, пакуль так і не распачаліся. Затое на працягу мінулага года вялося будаўніцтва “часовага сховішча для матэрыялаў” ва унутраным двары будынка.
Пры гэтым на ўсе пытанні адносна прамаруджвання ў пачатку кансервацыйных і рэстаўрацыйных работ цяперашнія гаспадары будынка спасылаюцца на недахоп сродкаў».
Краязнаўца адсочвае лёс іншых помнікаў архітэктуры ў бліжэйшым наваколлі. У іх перспектывы больш вясёлкавыя, лічыць Віктар Сцяпанаў:
«Паводле паведамленняў у абласных медыях, будынак Свята-Пакроўскага манастыра ў Талачыне знаходзіцца ва ўласнасці аднаго з прыходаў БПЦ. Пры гэтым гэты будынак уключаны ў пералік аб’ектаў, на якія паводле Інвестыцыйнай праграмы Віцебскай вобласці на 2015–2016 гады праграмы будуць выдзеленыя сродкі з абласнога бюджэту. Таксама ў гэтую праграму ўключаныя Свята-Духаўскі манастыр і Успенскі сабор у Віцебску, якія не толькі належаць БПЦ, але і актыўна імі выкарыстоўваюцца. Таму я прашу разгледзець магчымасць уключэння ў гэтую праграму будынка былога базылянскага кляштара ў Оршы ў сувязі з высокай небяспекай страты помніка, асабліва пасля надзвычай неспрыяльных умоваў гэтага года».
Паводле закону аб зваротах грамадзян, Віктар Сцяпанаў мусіць атрымаць адказ ад абласных уладаў цягам месяца.