Мастак Мікола Купава даслаў у рэдакцыю нашага сайта фотаздымкі праекта, зробленага архітэктарам М.Лук’янчыкам. Кожны ахвотны можа выказаць свае думкі адносна планаў рэстаўрацыі, чакаем вашых лістоў на [email protected]
Праца над праектам помніка архітэктуры 18 стагоддзя ўжо завяршаецца. І ў будучыні можа стаць выбітным турыстычным аб’ектам нашага горада.
З аўтарам праекта, архітэктарам М.І.Лук’янчыкам, сустрэўся ўраджэнец Оршы, мастак Мікола Купава. Паводле спадара Купавы, эскізны праект — гэта выявы чатырох фасадаў будынка і «разрэзы» – выгляд знутры гэтага двухпавярховага будынка разам са скляпеннямі. На фотаздымках, зробленых Міколам Купавам:
Неўзабаве гэты праект мусіць быць прадстаўлены на разгляд экспертнай камісіі. Калі ўсё пройдзе добра, у хіткім часе пачнуцца рэстаўрацыйныя працы.
Паводле Міколы Купавы, першай справай будынак будуць ачышчаць ад смецця. Хаця яго ўжо не так многа, як было раней – на тэрыторыі перыядычна праводзіцца добраўпарадкаванне паводле ініцыятывы гаспадароў помніка архітэктуры, які належыць Віцебскай епархііправаслаўнай царквы. Ігумення Анфіса (Любчак) і манахіня Данііла (Цяцькова) неаднаразова арганізоўвалі прыборку і ўнутры будынка, і звонку.
Цяпер, адначасова з грунтоўнай прыборкай, над будынкам будуць узводзіць часовы дах, які абароніць гістарычны помнік ад далейшага разбурэння. Кіраваць усімі працамі будзе асабіста М.І. Лук’янчык: ён прызначаны куратарам рэстаўрацыі, і нясе персанальную адказнасць за захаванасць гісторыка-культурнай каштоўнасці, у адпаведнасці з Законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны».
Помнік ахітэктуры эпохі Віленскага барока, дзе раней быў падменны жыллёвы фонд і майстэрні аршанскіх мастакоў, пасля моцнага снегападу 2004 году апынуўся без даху. Дах праваліўся пад цяжарам снегу, а гарадскія ўлады не палічылі патрэбным яго замяніць, і старыя сцены доўгія гады разбураліся пад уздзеяннем прыродных ападкаў. Потым Аршанскі гарвыканкам вырашыў увогуле пазбавіцца ад праблемнага аб’екта: перадаў помнік, які з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю і ахоўваецца дзяржавай, ва ўласнасць праваслаўнай царкве. Але і новыя гаспадары не спяшаліся ратаваць помнік. Тым часам аршанскія краязнаўцы і проста неабыякавыя гараджане звярталіся ва ўсе магчымыя інстанцыі ад пракуратуры да Адміністрацыі Прэзідэнта, каб змусіць адказных асобаў выконваць патрабаванні закону аб ахове гістарычнай спадчыны. І ўрэшце пазалетась быў замоўлены праект рэстаўрацыйных прац.
Грошы на аплату праекта і далейшую рэстаўрацыю збіралі «усім мірам», у тым ліку за кошт дабрачынных ахвяраванняў мастака Міколы Купавы. Ен выставіў на продаж свае творы, аб’яднаўшы іх у віртуальную выставу «Сьвятло Бацькаўшчыны«. І 65% выручаных сродкаў пералічваў на адмысловы рахунак, дзе акамулююцца сродкі на аднаўленне помніка архітэктуры.